На Алясцы загінула беларуска Ніка Ніканава, якая зняла фільм пра асуджаных за наркотыкі

На Алясцы патанула 24-гадовая грамадзянка Беларусі Ніка Ніканава. Яна была рэжысэркай, якая даследавала тэму асуджаных за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. У гэтым годзе яна зняла 20-хвілінны фільм «Пакаленне 328», піша Свабода.

nch_002_7.jpg


Нядаўна Ніка Ніканава стала жонкай актывіста ініцыятывы Legalize Belarus Пятра Маркелава. Ён пацвердзіў Свабодзе смерць рэжысёркі. Таксама пра здарэнне паведамляе выданне Fairbanks Daily News-Miner.
Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зняла фільм пра «Матчын рух 328»
Пётар Маркелаў і Ніка Ніканава пасля вяселля вандравалі па Алясцы. 25 ліпеня, калі здарыўся няшчасны выпадак, яны спрабавалі пераплысці раку Тэкляніка, каб дабрацца да аўтобусу, у якім жыў і памёр Крыстафэр МакКэндлес — герой кнігі Джона Кракаўэра «У дзікіх умовах». Дзяўчыну змыла моцнай плынню вады.
Маркелаў яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі ЗША.
«Я ў Анкорыджы. Усе дакументы, грошы, карткі, тэлефоны патанулі. Цягам бліжэйшых дзён буду збіраць дакументы, каб мне можна было выехаць, сэртыфікат пра смерць, усё гэта. Цела забралі для аўтапсыі, на наступным тыдні ў аўторак-сераду будзе інфармацыя. Хутчэй за ўсё мы зробім крэмацыю ўжо тут, на месцы», — сказаў актывіст Свабодзе.
Ніка вырасла ў Мінску. У 13 гадоў дзяўчына атрымала ролю у фільме «Брэсцкая крэпасць» і захацела стаць акторкай. Паступаць збіралася ў Лос-Анжэлес, але амэрыканская амбасада вырашыла іначай і не дала ёй візу. У той момант дзяўчына адмовілася ад акторскай кар’еры на карысць рэжысуры.
Для паступлення Ніканава выбрала гадавую праграму дакумэнталістыкі ў New York Film Academy. Аб праблемах зняволеных паводле 328-га артыкулу Ніка даведалася ў Амэрыцы і вырашыла, што будзе здымаць дыплёмны праект менавіта пра Беларусь.