Дырыжор: Беларускі гімн па шкале якаснасці — 5 з 10

Беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак лічыць, што ўрокі ў школе ні ў якім разе не павінны пачынацца з дзяржаўнага гімна, пра тое, які гімн быў бы найлепшым для Беларусі з яго пункту погляду і распавёў, колькі каштуе дырыжорская палачка.

Віталь Алексяёнак

Віталь Алексяёнак

Віталь Алексяёнак працаваў у італьянскім La Scala, у 32 гады стаў галоўным дырыжорам у дзюсельдорфскім тэатры, а таксама ўзяў удзел у пастаноўцы «Дзікага палявання караля Стаха».

У Жыццё-маліна ён патлумачыў, чаму важна, каб заняткі па музыцы ў дзяцей у навучальных установах пачыналіся не з вывучэння гімна.

— Таму што пачынаеш проста ненавідзець яго, абавязалаўка такая. Табе не тлумачаць, чаму ты павінен яго спяваць, проста робіш. І калі па старой савецкай традыцыі прымушаюць нешта рабіць, то ты гэта проста не любіш, трымаеш фігу ў кішэні.

З пункту гледжання музыкі беларускі гімн — гэта пафасна, але не настолькі, як як савецкі. Па шкале якаснасці — 5 з 10. Мне асабіста падабаецца гімн Еўропы, змешванне нацыянальнай культуры з сімволікай. Мне здаецца, што «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — найлепшы гімн для Беларусі па тэксце і музыкальным пачуцці.

Для таго, каб стварыць паўнавартасны канцэрт класічнай музыкі, вядома, патрэбна шмат рэпетыцый. У дзень іх можа быць ад двух да трох па 3-4 гадзіны. Але не ўсе з іх Віталь працуе з дырыжорскай палачкай, толькі тады, калі вялікі аркестр.

— Дырыжорская палачка — гэта падаўжэнне рукі. Людзям у аркестры патрэбна разумець, дзе варта, каб пачаўся гук. Калі робіш пальцамі, то яны не ведаюць, куды глядзець. А палачкай зразумела, глядзіш на яе канец. Мая палачка каштуе 10 еўра. І сваёй я ўжо карыстаюся 5 гадоў.

Віталь Алексяёнак — таксама арт-дырэктар музычнага фестывалю ў Харкаве. Упершыню ён паехаў з канцэртам ва Украіну ў 2017-м у Львоў.

— Потым у наступным годзе мяне запрасілі ў Севераданецк, быў там амаль два месяцы. Рабілі там оперны праект. Ён быў вельмі ўнікальны для Еўропы, былі музыкі з розных краін, і нават два музыкі ў аркестры з Расіі.

Тады ў аркестры сярод музыкаў з імі ніякіх праблем не было, усе адразу зразумелі іх пазіцыю. Там было не пра шаблоннае мысленне, не пра тое, які ў чалавека пашпарт, а пра тое, што ён думае на гэты конт.

Пасля Севераданецка мяне запрасілі ў Харкаў. Там я прадырыжараваў канцэрт на фестывалі і потым прапанавалі стаць арт-дырэктарам.

Таксама ў Севераданецку мы хадзілі спяваць у двары. Варта разумець, што там людзі ўжо 4 гады жылі без нейкага дачынення да вялікай культуры, да Кіева, таму што туды нікто не ехаў. Мы паехалі ў прыфрантавыя вобласці, сам быў у горадзе Папасная. Размаўлялі з людзьмі па ўсёй вобласці, якія ўвогуле маглі не чуць класічнай музыкі. Для іх гэта было цалкам новае.

Для чаго людзям на фронце музыка?

— Неабавязкова музыка, мастацтва ўвогуле. Гэта дае магчымасць прыйсці да сябе, бачыць сваіх суседзяў, з якімі можна перажыць штосьці моцнае, гэта дае сілы і падтрымку.

Перакананы, што ў класічным мастацтве заўсёды можаш знайсці вельмі глыбокія пачуцці. Мастацтва, якое робіць цябе больш сэнсабіліязаваным, дае новыя ўзроўні, новыя парадыгмы, можаш расшырыць проста сваё жыццё.

Паводле «Салідарнасці»