Доза псіхадэлікі ад Dakooka (ФОТА)

Салістка праекта Кацярына Яроменка ў сваіх інтэрв'ю кажа, што мінская публіка — самая любімая. А яна што? Яна гэта ў чарговы раз і пацвердзіла ў гэтую пятнічку ў бары Ili клуб.

dakooka__dzijana_pinczuk___1__logo.jpg


Сітуацыя такая: мінская публіка пела песні Dakooka, а Кацярына на сцэне пад гэтыя спевы танчыла ў сваё задавальненне. Атмасфера на канцэрце склалася больш чым сваяцкая. Квіткі на яго разышліся як гарачыя піражкі: за тыдзень заставалася менш двух дзясяткаў, што зноў такі сведчыць аб тэорыі «сваяцтва» ў дадзеным выпадку.
У апошні час у Беларусі сталі папулярнымі калабарацыі ўкраінскіх і беларускіх музыкаў. Гурт Колір выступаў пры падтрымцы Зміцера Вайцюшкевіча, а Dakooka ў гэты раз выступіла з Палінай Рэспублікай. Так бы мовіць, прыемны бонус для беларускай аўдыторыі.

palina_respublika__pavel_aksinovicz____3__logo.jpg


З першых песен Паліны стала зразумела — дзяўчаты выраслі, і на змену той знаёмай нам дзявочай пяшчоце прыйшла жаночая мудрасць. Але слухачы менавіта за гэтым і прыйшлі. Усяго было ў меру: і рацыяналізму, і глыбіні, і псіхадэлікі.


Для таго, каб лепш зразумець творчасць Dakooka, Кацярына раіць пачаць знаёмства з яе песень «Море» і «Умри, если меня не любишь». Працоўнай мовай канцэрта, так бы мовіць, была расейская, бо, як кажа Кацярына, ёй так лягчэй пісаць. Але ў яе рэпертуары таксама ёсць англамоўныя трэкі, і песні на польскай і ўкраінскай мовах. Як вядома, Паліна таксама плаўна пераходзіць з новым стылем на расейскую мову, але яна не магла не парадаваць публіку сваёй візітнай «Як ты». У той момант залю захліснула хваля настальджы і ўспамінаў 15 года.


У нейкім інтэрв’ю Кацярына выказвалася, што рэчы павінны максімальна характарызаваць чалавека, каб пры першым поглядзе на яго можна было зразумець, які ён на самай справе. У гэты вечар праз адзенне спявачкі мінская публіка зразумела ўсю сутнасць Dakooka — нібы заглянула ў душу. 

dakooka__dzijana_pinczuk___2__logo.jpg

Кацярына апранула футболку беларускіх дызайнераў з натхняльнымі словамі: 
«Гары справай
Гавары праўдайМаўчы сярод ідыётаў!»

Чарговая ўкраінская спявачка ўласнай манерай выканання і ўнікальным поглядам на музыку напоўніла ў гэты вечар адзін з мінскіх клубаў свежым натхненнем. Можна жыць далей.
Фота: аўтаркі, Паўла Аксіновіча