«Дакументы душы» — Святлана Алексіевіч выступіла ў Мінску (фота)
Сустрэча з Нобелеўскай лаўрэаткай-2015 адбылася 14 красавіка ў малой залі Палаца Рэспублікі, што змясціў 500 гледачоў і шмат журналістаў. Імпрэза працягвалася больш за дзве гадзіны, і яшчэ столькі ж часу доўжылася аўтограф-сесія з пісьменніцай.

Святлана Алексіевіч. Фота lit-bel.org
Беларусы даўно чакалі магчымасці сустрэцца са Святланай Аляксандраўнай: запрашальнікі на гэтую імпрэзу былі разабраныя літаральна праз паўгадзіны пасля адкрыцця рэгістрацыі на іх. З'яўленне на сцэне спадарыні Святланы выклікала працяглыя авацыі — гледачы апладзіравалі стоячы.

Злева направа: Барыс Пятровіч, Святлана Алексіевіч, Аляксандр Лукашук
Зладзілі мерапрыемства, у межах якога была прэзентаваная кніга "Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе", Радыё "Свабода" і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Мадэратарамі вечара сталі дырэктар беларускай службы РС Аляксандр Лукашук і старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч.

Напачатку вечара беларусы прыгадалі яскравыя моманты мінулага года, праглядзеўшы фрагменты відэа з уручэння спадарыні Святлане Нобелеўскай прэміі ў Стакгольме, з першай прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай гэтай значнай падзеі, а таксама пра тое, як беларусы сустракалі пісьменніцу ў аэрапорце па яе вяртанні ў Мінск пасля Нобелеўскага тыдня.

Выступае Сяргей Законнікаў

Злева: Юлія Чарняўская; Уладзімір Арлоў, Аляксандра Дынько

Зінаіда Бандарэнка
Выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, журналістка Аляксандра Дынько, літаратар Сяргей Законнікаў, культуролаг і выкладчыца Юлія Чарняўская. Быў паказаны відэазварот журналіста і рэдактара кнігі "Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе" Сяргея Навумчыка.

Барыс Пятровіч і Святлана Алексіевіч
Кожны з прамоўцаў дзяліўся ўражаннямі пра сяброўства і супрацу са Святланай Алексіевіч, а таксама зачытваў найбольш запамінальны ўрывак з твораў пісьменніцы і задаваў ёй пытанне.

Якраз пытанням, пісьмовым і вусным, была прысвечаная большая частка сустрэчы. Звярнуцца да набеліянткі мог кожны ахвотны глядач. І хаця Святлана Аляксандраўна прызнаецца, што "стамілася ад самой сябе", бо ва ўсіх краінах свету, куды запрашалі аўтарку, на многіх прэс-канферэнцыях тэматыка размоў часта паўтараецца, публіка доўга яе не адпускала, а яна сама цярпліва распавядала.

Святлана Алексіевіч

Барыс Пятровіч, Святлана Алексіевіч, Аляксандр Лукашук

Чарга па аўтограф
"Чаму нашыя пакуты не канвертуюцца ў свабоду — я не ведаю. Мы не ведаем, што такое свабода і няма каму нас навучыць"; "Цяпер такія трывожныя часы, калі ўсё можа здарыцца, таму трэба быць шчаслівым, трэба старацца, каб было за што зачапіцца"; "Што для мяне любоў? Тое, што і для ўсіх. Такое суцяшэнне ад Бога, каб не страшна было паміраць".