Як знайсці беларускія мерапрыемствы па ўсім свеце. Цяпер гэта стала лягчэй. Далучайцеся!
Створаны тэлеграм-бот, які дапамагае знайсці беларускія мерапрыемствы па ўсім свеце. Далучайцеся!
«Будзьма беларусамі» запускае тэлеграм-бот «Будзьма разам!» (https://is.gd/uaVZjX ), які дапаможа падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра цікавыя беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
Ад 2020 года Беларусь зазнала масавую хвалю эміграцыі. Безліч нашых суродзічаў на ўласным досведзе зразумелі, як цяжка на новым месцы ўліцца ў мясцовае жыццё, адшукаць сяброў ды паплечнікаў, не згубіць сувязяў з беларускім асяродкам.
З новым ботам больш няма патрэбы па крупінках у розных сацсетках шукаць інфармацыю пра беларускія падзеі – трэба проста выбраць у боце новы горад і падпісацца на абнаўленні, кажуць стваральнікі. Яны абяцаюць максімальна акумуляваць інфармацыю, а падпісанты будуць атрымліваць пуш-паведамленні і змогуць наведаць беларускія мерапрыемствы, на якіх можна пазнаёміцца з суайчыннікамі, усталяваць кантакты, знайсці аднадумцаў.
Але бот — не толькі для тых, хто з’ехаў, ён і для беларусаў на Радзіме. Бот не толькі дасць разуменне, колькі ўсяго беларусы робяць па розных краінах, але і своечасова нагадае пра цікавыя падзеі ў розных гарадах Беларусі і дапаможа адчуваць повязь з іншымі, калі здаецца, што ўсе з’ехалі і нічога не адбываецца.
Падпісанты будуць атрымліваць паведамленні пра беларускія падзеі самага рознага кшталту: культурніцкія, асветніцкія, праваабарончыя, антываенныя і інш. – у сваім горадзе, рэгіёне або па ўсёй краіне. Канцэрты і выставы, спектаклі і фестывалі, вечарыны і прэзентацыі, лекцыі і семінары, акцыі салідарнасці – усё, што ладзяць беларусы ў розных краінах свету, будзе акумуляваць бот.
Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive – усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля – сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!
На сёння ў боце — абвесткі пра падзеі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі, Грузіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, ЗША. З дапамогай падпісантаў стваральнікі спадзяюцца пашырыць бот, каб ён стаў карысным як мага большай колькасці беларусаў/ак і ўключаў як мага болей краін і гарадоў.
Калі вы арганізатар нейкага мерапрыемства альбо ведаеце, што ў вашым горадзе яно будзе, а мы пра яго яшчэ не напісалі, дасылайце ў бот свае абвесткі, а бот падзеліцца імі з усімі карыстальнікамі. Калі ж вашага горада не хапае ў нашым боце – паведаміце, і мы дададзім. Гэта можна рабіць проста праз радок паведамлення!
Стваральнікі тэлеграм-бот «Будзьма разам!» заклікаюць:
“Наша каманда працавала над ботам доўгі час, але ён, як і любы новы прадукт, можа мець памылкі і багі. Будзем удзячныя за любыя канструктыўныя заўвагі і прапановы. Гэта дапаможа нам зрабіць бот больш дасканалым і зручным для карыстальнікаў. Дарэчы, стварыла бот «Будзьма разам!» распрацоўшчыца чат-ботаў Кацярына Бусел, за што каманда «Будзьма Беларусамі» ёй шчыра дзякуе.
Далучайцеся і дзяліцеся спасылкай (https://is.gd/uaVZjX ) на бот з сябрамі ўжо сёння!
Будзьма беларусамі ў любой кропцы свету і будзьма разам!”