Цікавосткі Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. Абноўлена (+фота)
З 5 па 9 лютага праходзіць XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Удзел у ёй бяруць прадстаўнікі 35 краін свету. Што цікавага сёлета прапануюць выдавецтвы беларускім аматарам кнігі?
Падчас выставы, якая сёлета праходзіць пад слоганам «Беларусь — адкрытая кніга», традыцыйна адбудуцца шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі, майстар-класы. Гэта выдатная магчымасць набыць кнігі са зніжкай і ўзяць аўтограф у любімага аўтара. Свае навінкі прапануюць больш за 300 экспанентаў з 30 краін блізкага і далёкага замежжа. Чакаецца, што выставу наведаюць каля 60 тысяч жыхароў і гасцей нашай сталіцы. Ганаровы госць сёлетняга кірмашу — Расійская Федэрацыя. На працягу 5 дзён працы кніжнай выставы з 9.00 да 19.00 маршрутны «паэтычны» аўтобус будзе дастаўляць наведвальнікаў ад станцыі метро «Няміга» на праспект Пераможцаў, 14.
Выстава праходзіць у выставачным цэнтры «БелЭкспа» (Мінск, пр. Пераможцаў, 14). Час працы для наведвальнікаў: 5-8 лютага з 10.00 да 19.00, 9 лютага — з 10.00 да 17.00.
Цэнтральны экспанент — Злучаныя Штаты Амерыкі. Стэнд амбасады ЗША ў гэтым годзе мае назву «On the Road: American Travel Writing» і прысвечаны амерыканскай літаратуры падарожжаў.
На стэндзе, плошча якога складае 200 квадратных метраў, прадстаўлены навінкі амерыканскай літаратуры як на мове арыгінала, гэтак і ў перакладах на рускую і беларускую мовы. Напрыклад, «Лісце травы» Уолта Уітмена, пераклад якой здзейсніў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янка Сіпакоў. Падчас выставы можна будзе сустрэцца з амерыканскім аўтарам, паслухаць прэзентацыі амерыканскіх дыпламатаў і выкладчыкаў, убачыць амерыканскія перыядычныя выданні, вінтажныя плакаты, дакументальныя фільмы, інтэлектуальныя гульні і віртуальныя тэхналогіі на тэму падарожжа па ЗША.
facebook/U.S. Embassy Minsk, Belarus
7 лютага з 16 да 17 гадзін Выдавецкі дом «Звязда» запрашае на аўтограф-сесію вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай, аўтара цыкла авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча», які на сёння складаецца з пяці кніг. Можна будзе даведацца пра экранізацыю першай часткі цыкла, якая хутка выйдзе на экраны, пачуць, як на «Беларусьфільме» матэрыялізавалі Жалезную Чарапаху — танк на паравым рухавіку па чарцяжах Леанарда да Вінчы і прыадкрыць іншыя тайны са здымак фільма. І галоўнае — можна будзе распытаць аўтара пра працяг прыгодніцкай пенталогіі. Для нашых чытачоў прыадкрыем завесу таямніцы — ёсць верагоднасць, што з'явіцца шостая частка гісторый пра маладога шляхціца-авантурыста! Ва ўсялякім выпадку, вядомая працоўная назва — «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі».
Людміла Рублеўская з серыяй кніг «Авантуры Пранціша Вырвіча» (фота А. Грушэцкі)
8 лютага ўпершыню на Мінскім кніжным кірмашы выступіць Віктар Марціновіч, з прэзентацыяй кнігі «Ноч». Як пісьменнік сам прызнаўся, ён ужо двойчы выступаў на Франкфурцкім кірмашы, быў і будзе ў сакавіку ў Лейпцыгу, выступаў у Маскве, Вене, Гётэборгу, Львове. І сёлета нарэшце яго можна будзе пабачыць на кніжным кірмашы ў Мінску. Падчас сустрэчы можна будзе набыць кнігі непасрэдна на месцы. Плануецца, што яшчэ будуць прадстаўлены «Возера радасці» (выд. «Кнігазбор»), магчыма, будуць «Сфагнум» і «Мова». Беларускамоўнае выданне «Ночы» можна будзе таксама набыць і на стэндзе «Акадэмкнігі». Сустрэцца з Віктарам Марціновічам можна 8 лютага, Цэнтральная пляцоўка Нацыянальнага Стэнда Беларусі, з 11.30 да 12.30.
Новую кнігу Уладзіміра Някляева«Знічы кахання» падчас правядзення кніжнай выставы можна будзе набыць на стэндзе Украіны.
Уладзімір Някляеў на прэзентацыі кнігі «Знічы кахання»
7 лютага з 17.00 да 18.00 на стэндзе «Мастацкай літаратуры» адбудзецца аўтограф-сесія з Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім, аўтарамі кніг: «Смачная кніга», «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі, крэпасці, бажніцы» і «Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп'ютарная казка». У гонар кожнага, хто набудзе кнігу, прагучаць цуды ад дуды да свісцёлкі часоў Францішка Скарыны”.
Адразу 6 навінак прапануе выдавецтва «Янушкевіч»: беларускі пераклад кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень», беларускае выданне аповесці Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак «Сіямцы» (пра неверагодныя прыгоды мінскіх падлеткаў), раман Януша Леона Вішнеўскага «Канец адзіноты» (сіквел культавай «Адзіноты ў сеціве»), раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл. Генерал караля» (прысвечаны гісторыі жыцця знакамітага магната, падзеі адбываюцца ў 1648–1655 гадах), кніга Катажыны Рырых «Лапуховае поле» (у 2017 годзе прызнаная найлепшай дзіцячай кнігай у Польшчы), і кніга Ганны Янкуты «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» (амаль дэтэктыўная гісторыя пра прыгода мінскага ката і яго сяброў).
Навінкі ад выдавецтва «Янушкевіч» (крыніца: facebook)
Выдавецтва «Коска» падрыхтавалі акурат да выставы дзве кнігі шведскіх аўтараў Юі і Тумаса Вісландэраў пра прыгоды каровы Мамы Му і яе сябра Крумкача: «Мама Му на санках» і «Мама Му на горцы». Гэта кнігі, якія яшчэ не выходзілі па-беларуску.
Навінкі ад выдавецтва «Коска» (крыніца: facebook)
Стэнд Польшчы прапануе выданні не толькі на польскай мове, але і на беларускай. 6 лютага на стэндзе адбудзецца прэзентацыя культавага рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» пра насычанае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў. У прэзентацыі возьмуць удзел перакладчыца Марыя Пушкіна, рэдактар кнігі, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Павал Касцюкевіч, акцёры Раман Падаляка і Міхаіл Зуй.
Стэнд Польшчы. Дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Ц. Карпіньскі і амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі А. Міхальскі
Таксама на польскім стэндзе прадстаўлены кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Польскага Інстытута, і цікавыя экзэмпляры са збораў Бібліятэкі Польскага Інстытута, навінкі і бестселеры літаратуры ад польскіх выдавецтваў у самых розных жанрах.
Навінкі на Польскім стэндзе (крыніца: facebook)
Поўную праграму XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша глядзіце на сайце.