Букмекеры пачалі прымаць стаўкі на Нобеля па літаратуры

Праз месяц, меркавана 6 кастрычніка, будзе абвешчана імя сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Фота prajdzisvet.org

Фота prajdzisvet.org


Летась букмекеры далі абсалютна правільны прагноз, што ўзнагарода дастанецца беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч. Праўда, настолькі трапна адгадаць ім атрымліваецца не штогод. Аднак прэмія стабільна дастаецца некаму з першай дзясяткі букмекерскіх прагнозаў.



murakami05-lvvaw.jpg

Харукі Муракамі не ўпершыню лічаць фаварытам нобелеўскай гонкі.

Першай пазіцыяй ужо нікога не здзівіць, яе займае звышпапулярны японскі пісьменнік Харукі Муракамі. Яму ўжо не першы год гадаюць самую прэстыжную літаратурную прэмію свету, аднак увесь час узнагарода сыходзіць да кагосьці іншага, то да кітайца Мо Яня, то да канадкі Эліс Манро. На Муракамі стаўкі прымаюцца з разлікам 1 да 5.

adonis-3gaoi.jpg

Адоніс: ці атрымае прэмію паэт?

На другім месцы 86-гадовы сірыйскі паэт Адоніс, які шмат гадоў жыве ў эміграцыі. Апошнія гады, праўда, нобелеўскі камітэт не надта шануе паэтаў. У ХХІ стагоддзі Нобеля атрымліваў толькі адзін паэт — швед Томас Транструмер у 2011 годзе. На Адоніса стаўкі прымаюцца як 1 да 6,5.

philip_roth2-6iwny.jpg

Філіп Рот: амерыканцы даўно не здабывалі літаратурнага Нобеля.

Трэцяе і чацвёртае месцы ў класікаў сучаснай амерыканскай літаратуры Філіпа Рота (1 да 8) і Джойс Кэрал Оўтс (1 да 10). Як мінус для Оўтс можна адзначыць тое, што жанчыны яшчэ ніколі ў гісторыі не атрымлівалі Нобель па літаратуры два гады запар. Амерыканскія літаратары ж не мелі прэміі ўжо больш за 20 гадоў, калі ў 1993-м яе атрымала Тоні Морысан.

ngugi-wa-thiongo-98y8k.jpg

Кеніец Нгугі ва Тхіёнга — галоўная надзея Афрыкі.

Яшчэ даўжэй — аж 28 гадоў — Нобеля ў літаратуры не здабывалі афрыканскія літаратары. Апошнімі сярод іх былі нігерыец Воле Шойінка (1986) і егіпцянін Нагіб Махфуз (1988). Сёлета на прэмію ад Афрыкі прэтэндуе кенійскі раманіст Нгугі ва Тхіёнга.

У першай дзясятцы таксама албанец Ісмаіл Кадарэ, нарвежац Юн Фосэ, ізраільцянін Амас Оз, венгр Петэр Надаш.

nn.by__img_w620d4_phot_292308f3027169a1ef502d9f90e5b0d0.jpeg

Кнігі Вольгі Такарчук перакладалі на беларускую мову.

З блізкіх да Беларусі народаў у спісах таксама прысутнічаюць палякі Адам Загаеўскі і Вольга Такарчук, а таксама эстонцы Яаан Каплінскі і паэтка Дорыс Карэва.

Ніводнага расейскага ці ўкраінскага пісьменніка букмекеры не разглядаюць як прэтэндэнта на прэмію. Тое самае можна сказаць і пра беларускіх літаратараў.



Зміцер Панкавец, nn.by