Ці памірыцца Берасце з крэпасцю, дзеля якой горад знеслі?
Мемарыял «Брэсцкая крэпасць-герой» пачаў пазначаць на картах спаруды і руіны Старога горада. Пра гэта ды іншыя магчымасці згадак Берасця кажа намесніца дырэктара Мемарыяла па навуковай частцы Ларыса Бібік. Місія выканальная?
Чаму ўзнік канфлікт
Сёлета Брэсту (Брэст-Літоўску, Бжэсьцю-над-Бугэм, а першапачаткова Берасцю) афіцыйна стукне 1000 гадоў. Такіх бы ўдараў паболей… Ды наймагутны, літаральна знішчальны ўдар па старавечным месту быў нанесены пасля падзелу Рэчы Паспалітай, у якой горад разам з усім Вялікім Княствам Літоўскім шукаў паратунку ад усходняй навалы. Шукаў, ды не знайшоў.
Легла на ключавое месца на ўпадзенні двух рукавоў Мухаўца ў Заходні Буг хцівае вока ўсходняга дэміурга. Пабудаваць фартэцыю на месцы жывога горада прапанавана было неўзабаве пасля інкарпарацыі ў Расійскую Імперыю. Вялікія кошты беспрэцэдэнтнай акцыі замарудзілі выкананне. Прыспешыла развязку антырасійскае паўстанне 1830 года.
Крэпасныя валы пачалі будаваць яшчэ на жывым Берасці. Успамагалі справе знішчэння горада пажары, якія асабліва пачасціліся пасля 1829 года. У 1836 годзе пагарэлі апошнія нязгодныя пераязджаць у слабодкі на ўсходзе, і цэнтральны востраў ды тры прылеглых урочышчы, — агулам чатыры квадратных кіламетры, — ахапіла ліхаманка завяршальнага пераўтварэння. Некалькі старых будынкаў цалкам або часткова прыстасавалі, рэшту зраўнялі з зямлёй, і праз шэсць гадоў фартыфікацыю здалі ў эксплуатацыю. Паўстаў такі сабе памежны слуп на «новоприобретенных» тэрыторыях.
Кароткі прыблізны пералік прыбранай «непатрэбшчыны»: паводле розных крыніцаў, каля тысячы жылых дамоў, Ратуша, іншыя прысутныя муніцыпальныя і дзяржаўныя месцы, некалькі палацаў, данжон-двайнік Камянецкай вежы або яго падмурак і 21 бажніца розных хрысціянскіх веравызнанняў, у тым ліку найбольш распаўсюджанай на землях ВКЛ уніяцкай веры.
Ужо неўзабаве пасля пабудовы крэпасць з-за развіцця артылерыі страціла ваеннае значэнне і ў гэтым плане так і не акрыяла, нягледзячы на разбудову трох ліній фартоў вакол яе дыяметрам да 30 кіламетраў. Мела значэнне як склад, месца дыслакацыі войскаў. Ніколі не губляла важнасці хіба што перасыльная турма на адным з умацаванняў — сумнавядомыя «Брыгідкі». У ёй у 1941 годзе, паводле адной з версій, поруч з сотнямі «раскулачаных» палешукоў, якіх рыхтавалі да адпраўкі ў Сібір, сядзеў у камеры смяротнікаў малады ксёндз Казімір Свёнтак.
Будучы першы кардынал беларускай каталіцкай царквы фактычна застаўся ў жывых дзякуючы 22-му чэрвеня. У гэты дзень пачаўся адлік месячнаму супраціву гарнізона крэпасці. Глыбока ў тыле купка чырвонаармейцаў стрымлівала 45-ю дывізію вермахта, папаўняючы могілкі каля сённяшняга Святасімеонаўскага сабора сотнямі аўстрыйцаў і германцаў. У 1971 годзе на тэрыторыі Цытадэлі і часткі Усходняга вострава ў гонар абаронцаў быў адкрыты мемарыял. Тым, хто не ведае: гэта штых-абеліск, пакрыты тытанавымі панэлямі, галоўны манумент у выглядзе галавы салдата побач, некропаль у тры рады мемарыяльных пліт перад гэтымі помнікамі, некалькі розных скульптур, а таксама музеі ў Кальцавой казарме па перыметры цэнтральнага вострава.
Цяпер, калі Брэст як ніколі павінен памятаць той час, калі ён быў Берасцем, зусім абгрунтавана падымаюцца галасы ў абарону гістарычнай адэкватнасці. Як гэта: гораду 1000 гадоў, а ён забіты, і атрымліваецца так, што не раз! А можа, досыць? Па аналогіі і бадай што не беспадстаўна з пасылу «ўсе таталітарныя рэжымы мелі і маюць схільнасць да гігантаманіі і насаджэння культу герояў» выводзіцца тэзіс пра перабольшванне перыяду «чэрвень – ліпень 1941 года», на страту ўсёй доўгай і пакручастай гісторыі Берасця. Ці ёсць кропка слушнасці, раўнавагі, дзе ўсім будзе аддадзена належнае? Ці заключаны будзе гэты Брэсцкі мір-2?
Мірнае, марнае
Ларыса Бібік, намесніца дырэктара Мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» па навуковай частцы, звяртае ўвагу: акрамя музея абароны з’явіўся новы «Музей вайны — тэрыторыя міру». «Мы на карце мемарыялу пазначаем аб’екты, якія засталіся там-сям ад Старога горада. Пры галоўным мануменце руіны Інжынернага Упраўлення, там пазначана, што гэта быў у XVIII cтагоддзі Калегіюм езуітаў. Белы палац на Цытадэлі таксама пазначаны як былая ўніяцкая царква XVIII стагоддзя. Кляштар бернардзінак на Шпітальным востраве адзначаны таксама».
Пытаюся, а ці дастаткова гэта, каб прымірыць мемарыял і Стары горад. «Дык чаго няма, таго няма», — ухіляецца Ларыса Рыгораўна. Кажу, што неяк прыміраць гэта і тое да 1000-годдзя ўсё роўна трэба. Па-першае, таму што гэта прынцыпова трэба, і па-другое, таму што ад Старога горада яўна засталіся нулявыя цыклы. «Яшчэ нябожчык протаіерэй Ігар Умец, настаяцель Гарнізоннай царквы, казаў на камеру: пад царквой ёсць трэці, падземны гарызонт. Ён жа чалавек пабожны быў, не мог хлусіць паводле статусу. Плюс сведчанні ёсць, што храм пры пабудове два разы зносілі з-за трэшчын у сценах, і толькі калі «трапілі» на стары падмурак, яна стаіць стабільна да сёння». «Дык Вы Кляштар аўгусцінцаў маеце наўвазе, — прызнае маю рацыю суразмоўца. — Той гарызонт забетаніраваны, закрыты. Чарцяжоў у нас няма. Наколькі ведаю, царкоўныя ўлады не даюць дазвол, не хочуць туды занетрывацца. І нешта капаць у гістарычным помніку нулявой катэгорыі, якім ёсць Брэсцкая крэпасць… самі ведаеце».
Сапраўды. Ахінаюць адразу ўспаміны. Так, варонку ад гітлераўскай супергаўбіцы «Карл» непадалёку ад штыка, дзе восем гадоў таму знайшлі 58 загіблых абаронцаў крэпасці 1941 года, раскопвалі ўручную, пасля доўгіх узгадненняў ды ваганняў. Але ж мураваны «навадзел» — двухпавярховы дом святара пры Гарнізоннай царкве і Нядзельную школу — паставілі ўвобміг, з прымяненнем цяжкай будаўнічай тэхнікі!
«Крэпасць вялікая, — развівае сваё бачанне развязкі спадарыня Бібік. — Калі ласка, на Кобрынскім умацаванні ўся заходняя частка свабодная. Усходняя не, там капанір Гаўрылава, месца апошняга бою, мы будзем настойваць, каб засталося за мемарыялам». «І месца турмы можна пад Стары горад», — укліньваюся я. «Чаму не, там жа пустка цяпер. Валынскае ўмацаванне — апроч тэрыторыі Жаночага манастыра, усё вольнае. Таварыства рыбакоў і паляўнічых — запраста могуць пераехаць, як і пару тых хат ды лецішчаў ўсялякіх з градкамі і цыбуляй».
Вельмі мая суразмоўца ўхваляе ідэю маштабаванай рэканструкцыі Старога Берасця. «Месца ж поўна. Цалкам будынкі аднаўляць, напэўна, без сэнсу, а такое… Пры Археалагічным музеі вельмі будзе да месца, заадно і кляштар бернардзінак рэстаўраваць можна, хаця б часткова. Для турыстаў надта прывабныя аб’екты. І галаграфічная лазерная рэканструкцыя магла б добра ўпісацца. Але адкуль грошы ўзяць, вялікія грошы? І каб гэта мемарыялу не зашкодзіла…».
Дзе грошы, Карл?
Атрымаў днямі інфармацыю ад мастака, уладальніка хатняга этнаграфічнага музея вёскі Сабалі і куратара крыжа-помніка касінерам Каліноўскага Анатоля Жалудко: «Быў на прыёме ў старшыні Брэсцкага гарвыканкама Рагачука. Спасылаўся на згоду яго папярэднікаў пабудаваць дзесьці на тэрыторыі Старога горада яго маштабную, 1:10, версію. Але мне адразу быў адказ: няма грошай. Маўляў, на масты не хапае».
Сапраўды, да 1000-годдзя Берасця сучасны Брэст напорыста спрабуе разарваць вузел на сваіх артэрыях руху. Над чыгункамі будуюцца маштабныя развязкі, закальцоўваецца Заходні абвод, рамантуюцца існыя масты. Дзеля заканчэння значнай і надзвычайна патрэбнай будоўлі нават святкаванне перанеслі на восень. Але ёсць і яшчэ адна крыніца. Грошы, і вялікія, укладваюцца цяпер у эспланаду — тэрыторыю паміж крэпасцю і пабудаваным нанова горадам, якая раней з фартыфікацыйных нормаў павінная была быць абсалютна голай і якая цяпер актыўна забудоўваецца дзясяткамі жылых і офісных спаруд.
Ці вылучыць горад з паступленняў ад гэтага будаўніцтва або з якой-небудзь іншай крыніцы грошы на памяць пра Старое Берасце — пытанне таксама ўжо відавочна вырашанае. Не. Бо такое плануецца загадзя, і такое не пабудуюць патаемна-хутка, як дом святара на тэрыторыі гістарычнага помніка нулявой катэгорыі. Але рана ці позна зрабіць гэта трэба. Хіба не?
Фота аўтара і з Музея абароны Брэсцкай крэпасці.