Перапрафіляваць завод: жыхары Брэста распачалі збор подпісаў

26 мая на плошчы Леніна ў Брэсце чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода — каля 130 чалавек. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

brest_akb.jpg

Як паведаміла падчас сустрэчы актывістка Лада Яраш, сёння пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка краіны з прапановай «перапрафіляваць гэта небяспечнае прадпрыемства, якое нясе пагрозу жыццю здароўю людзей у рэгіёне».
Да прыкладу, прапануецца перанесці ў пабудаваны для акумулятарнага завода будынак ўчастак ліцця завода «Брэстгазаапарат» або цэхаў Брэсцкага электралямпавага завода, паведамляе БелаПАН.
Працягваецца і збор подпісаў пад зваротам да брэсцкіх уладаў — ​​абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў. Аўтары звароту патрабуюць ад уладаў «поўнамаштабнага ўключэння адпаведных органаў у кантроль за работай прадпрыемства на ўсіх этапах яго дзейнасці» і прапануюць разгледзець пытанне аб стварэнні лабараторыі, якая магла б па заяўцы грамадскасці ў любы момант аператыўна рабіць замеры выкідаў прадпрыемстваў.
naviny.by