Беларусь зноў не будзе ўдзельнічаць у «Еўрабачанні»
У спісе ўдзельнікаў «Еўрабачання-2022» прадстаўніка Беларусі няма.
Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) апублікаваў спіс краін-удзельніц «Еўрабачання-2022», правядзенне якога запланавана на травень 2022 года ў італьянскім Турыне. У спісе з 41 краіны Беларусь не значыцца, пішуць naviny.by.
Гэта наступствы леташняга палітычнага скандалу, які завяршыўся прыпыненнем членства «Белдзяржтэлерадыёкампаніі» (БТРК) у ЕВС.
Беларусь прапускае ўжо другое «Еўрабачанне» запар.
У сакавіку мінулага года ЕВС адхіліў БТ ад удзелу ў конкурсе пасля таго, як
беларускі бок двойчы заявіў кампазіцыі з праўладным палітычным падтэкстам.
Больш за тое, пад няспынным ціскам беларускай і міжнароднай
грамадскасці 30 чэрвеня 2020-га было прыпынена сяброўства БТ у ЕВС.
Еўрапейскі вяшчальны саюз зыходзіў з таго, што яго члены не
павінны быць датычнымі да парушэнняў правоў чалавека і свабоды слова. У
прыватнасці, БТ ставілася ў папрок дэманстрацыя сюжэтаў з удзелам падвергнутых
катаванням апанентаў улады, а таксама звальненне супрацоўнікаў, якія падтрымалі
пратэсты.
У выніку «Белтэлерадыёкампанія» больш не мае доступу да розных
сэрвісаў для членаў ЕВС — абмену навінамі і музычным кантэнтам, трансляцый
музычных і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама да ўдзелу ў «Еўрабачанні».
У адказ на пазбаўленне Беларусі магчымасці ўдзельнічаць у
самым папулярным еўрапейскім музычным шоу БТРК у афіцыйным каментары заявіла,
што «..мы зэканомім шмат мільёнаў еўра і выканалі мару большасці жыхароў
Беларусі. Больш без Еўрабачання!»
Згуртаванне беларусаў замежжа «Беларуская Рада
культуры» прасоўвала пазбаўленне рэжыму ў асобе рупара прапаганды ўдзелу ў «Еўрабачанні». Аляксандр Чахоўскі, выканаўчы дырэктар гэтага
аб'яднання, у сакавіку 2021 года гаварыў, што мэта — «не пазбавіць людзей свята, а аслабіць рэжым любымі спосабамі».
Сёння Чахоўскі распавёў пра шляхі вяртання беларусаў на
сцэну «Еўрабачання»:
«Пры гэтай уладзе на "Еўрабачанне" едуць
артысты, якіх адбірае вяшчальнік. БТРК, як паказаў вопыт, адбірае ці нешта
зусім маргінальнае, тыпу "Галасы ЗМеста", або праўладнае, накшталт
Аляхно. І калі ўлада выстаўляе "Галасы ЗМеста" — гэта ганьба.
Калі ў Беларусі ўлада зменіцца, то памяняюцца і ўмовы для
працы медыя — яны павінны будуць стаць цалкам незалежнымі ад дзяржавы. Калі
Лукашэнка сыдзе і органы ўлады будуць пераканструяваныя, то і Беларусь вернецца
на "Еўрабачанне". Вяшчальнікам можа быць і перафарматаванае
БТ — Беларускае грамадскае тэлебачанне. Такія прыклады ёсць у Грузіі, Украіне і
іншых краінах.
Адзінае, на жаль, мы не можам даваць дакладных прагнозаў,
калі гэта адбудзецца».
Паводле слоў Чахоўскага, у «Беларускай Радзе культуры» таксама разглядаўся варыянт вяртання на «Еўрабачанне» праз удзел ад імя іншай краіны: «Беларускі выканаўца едзе на конкурс праз адбор, арганізаваны вяшчальнікам іншай краіны, напрыклад, Літвы. Аднак гэты шлях вельмі складаны, амаль нерэалізуемы».