Такога па-беларуску яшчэ не было

Выходзіць кніга культавага нарвежца Кнута Гамсуна «Голад».

62352556.jpg

Нядаўна на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by стартаваў амбітны праект — кніжная серыя Noblesse Oblige. Дабрачынны фонд «Вяртанне», выдавецтва «Янушкевіч» і сайт электронных кніг Kniharnia.by задумалі выдаваць творы лаўрэатаў Нобелеўскай серыі па літаратуры. У беларускіх перакладах. 
Ідэя не новая. Але яны першыя, хто вырашыў гэта рабіць як асобную серыю.
Першым томам стане «Голад» нарвежца Кнута Гамсуна. У кнігу ўвойдуць такія творы, як «Голад», «Пан», «Вікторыя» і нобелеўская прамова лаўрэата. Над перастварэннем гэтых твораў па-беларуску працавалі Лявон Баршчэўскі і Лідыя Ёхансэн. На першы том цяпер выдаўцы і абвясцілі збор сродкаў — перадзамову.
Пра магію твораў Гамсуна, яго індывідуальнасць і «ўпісанасць» у беларускі кантэкст расказаў Лявон Баршчэўскі.
— Спадар Лявон, навошта нам пераклад твораў Кнута Гамсуна на беларускую мову? Мы ж можам прачытаць яго па-руску і выдатна ўсё зразумеем.
Можам прачытаць і па-руску, але любы пераклад дадае пэўныя нюансы, у іх здараюцца і памылкі. Расійскія выдавецтвы звычайна перадрукоўваюць пераклад вядомага руска-літоўскага паэта-сімваліста Юргіса Балтрушайціса, зроблены ў пачатку ХХ стагоддзя, пазней крыху яшчэ адрэдагаваны. Але ж з часам некаторыя рэчы змяняюцца. Калі перакладу ўжо больш за сто гадоў, то сённяшні чытач, нават ведаючы рускую мову, можа зразумець сёе-тое не так, як задумваў перакладчык. Пэўныя словы змянілі значэнне, таму і твор не ўспрымаецца так, як арыгінал. Тут актуальным бачыцца выраз, што ў кожным пакаленні павінен быць свой пераклад класікі. А паколькі ў нас такіх перакладаў мала, то любое прачытанне замежнай класікі сучаснымі вачыма дадае ў моўную і літаратурную скарбонку новых рысаў. Я ўпэўнены, што і ў Расіі, прынамсі ў рукапісах, існуюць іншыя варыянты перакладу Гамсуна, навейшыя. Але выдавецтвы іх не друкуюць, бо прасцей перадрукаваць стары варыянт, чым заплаціць ганарар перакладчыку. А мы атрымоўваем шанец сёння пачытаць Гамсуна на сучаснай мове. Ужо дзеля гэтага варта працаваць. Ну і ў цэлым любы пераклад на беларускую мову — гэта заўсёды і абарона мовы. Гэта развіццё, пошук пэўных рэчаў, якіх няма ці недастаткова ў сваіх літаратараў.
Якіх, напрыклад?
—Такога твора, як «Голад», у нас дакладна ніхто не напісаў. Беларускія пісьменнікі выдатна паказалі ваенныя перажыванні, у тым ліку і галодныя, але яны зрабілі гэта інакш. Гаворка ідзе пра тое, што ў творы Гамсуна падзеі падпарадкоўваюцца стану душы. Рухі, апісанні герояў, пейзажы адыгрываюць другаснае значэнне. Літаратуры, настолькі сканцэнтраванай на ўнутраным стане чалавека, у беларускай прасторы, па сутнасці, няма. У нас кнігі традыцыйна пішуцца для супольнасці, Гамсун жа праклаў адну з новых дарог у мадэрнізме. З аднаго боку, ён пераняў традыцыю Дастаеўскага, але пры гэтым адмовіўся ад «навакольнага пейзажу», характэрнага для рускага класіка, — гарадскіх краявідаў, спецыфічных інтрыг, якімі любяць займацца гараджане. Для Гамсуна ўсё вонкавае няважна, усё гэта — фон для рухаў душы, пачуццяў. Так нашы літаратары, папраўдзе, яшчэ не пісалі.
Магчыма, твор якраз і трапіць у сённяшні індывідуалізаваны кантэкст, які мы назіраем у нашым грамадстве?
Сапраўды, творы Гамсуна для беларуса могуць быць вельмі цікавыя. Гэты пісьменнік — вялікі індывідуаліст. Ні для каго не сакрэт, што і беларусы ў сваёй масе — такія самыя.
Як вам давалася праца над перакладам нарвежца? Вы пераклалі для гэтай кнігі раман «Голад».
«Голад» для мяне заўсёды быў і застаецца найлепшым раманам Гамсуна. Першы раз я яго прачытаў па-нямецку гадоў у 16. Тады мяне наогул моцна ўразілі два творы — «Пакуты маладога Вертэра» Гётэ і «Голад» Гамсуна. Я падумаў пра тое, што калі-небудзь варта іх перакласці на беларускую мову. Пераклад Гётэ адбыўся ў канцы 1990-х, калі да юбілею пісьменніка ў «Беларускім кнігазборы» выдавалі том, і з’явілася нагода для такой працы. А чарга Гамсуна дайшла толькі цяпер. Раней было вельмі складана знайсці арыгіналы кніг. Трэба было з Масквы выпісваць, нейкім чынам капіраваць. Таму ў 2001 годзе, калі я быў у Нарвегіі, у ліку іншых набыў і кнігу «Голад» па-нарвежску. У той час я яшчэ не ведаў, ці будзе пераклад. Такая аказія надарылася толькі цяпер. Працу зрабіў фактычна на адным дыханні, без вялікіх перапынкаў. Гэта такі твор: калі ўжыўся ў вобраз чалавека, які пакутуе ад голаду, то не трэба перапыняцца. Натуральна, пэўныя моманты ўдакладняліся. Я пісаў аднаму нарвежскаму літаратару, чые творы сам некалі перакладаў, раіўся, прасіў патлумачыць пэўныя рэаліі. Таму лічу, што мой пераклад будзе больш дакладны, чым рускі. Яшчэ важна, што я пабываў у Нарвегіі, ведаю цэнтр Осла, прынамсі тыя мясціны, па якіх хадзіў герой Гамсуна — а ён вельмі блізкі да самога аўтара. Ведаю тапаграфію, а гэта абуджае ўяўленне, дапамагае зразумець, перадаць нейкія нюансы… «Голад» — гэта рытмізаваная проза: тут павінен быць пэўны рытм, дастаткова рэгулярны. Гэта таксама важна не страціць у перакладзе.
— Як сёння ў Нарвегіі ўспрымаецца творчасць Гамсуна? Яму наследуюць ці, наадварот, адмаўляюць?
За Гамсунам пайшла цэлая плынь аўтараў. Напрыклад, Тар’ей Весас, які пісаў сельскую прозу. У яго творчасці відаць уплыў рамана Гамсуна, які па-руску пераклалі як “Соки земли”, але правільней будзе «Дабрыня зямлі» ці «Дабраславенне зямлі». Калі Гамсун карыстаўся старой літаратурнай мовай, бліжэйшай да дацкай, то Весас, нібыта насуперак яму, пісаў ужо на новай нарвежскай мове, утворанай на аснове народных дыялектаў. Але, з іншага боку, калі пішаш у піку камусьці ці чамусьці, то табе трэба неяк некага ўразіць, справакаваць. «Голад» і сёння застаецца адным з самых папулярных твораў у Нарвегіі. Магчыма, дзякуючы невялікаму аб’ёму: нашы сучаснікі не любяць чытаць тоўстыя кнігі. Але напэўна і таму, што Гамсун піша пра рэчы вечныя. Вось жа, сённяшні нарвежац не галадае (хоць тут варта прыгадаць пэўны досвед «уваходжання ў нарвежскую цывілізацыю» нашага Славаміра Адамовіча), але тым цікавей успрымаць, назіраць, што з чалавекам робіцца ў такім стане. У чалавека ёсць тры асноўныя страхі, якія ўсё жыццё яго суправаджаюць: страх смерці, голаду і сэксуальнага незадавальнення. Уся літаратура, усё мастацтва, ды і палітыка, так ці інакш «круцяцца» вакол іх. А ў літаратуры ў чыстым выглядзе выйсці на голад, вырафінаваць гэтае пачуццё, паназіраць за чалавекам у такім стане, паглядзець, на што ён здатны, ці не ўпершыню здолеў Кнут Гамсун. Таму яго твор і застаецца цікавым па сёння.
— А ці ёсць месца кнізе ў беларускім літаратурным кантэксце?
Калі разглядаць яе з моўнага боку, то кніга дапаўняе магчымасці беларускай мовы ў апісанні тых станаў, пра якія ідзе гаворка ў кнізе. З іншага — гэта таксама пэўны адказ на пытанне, як можна пісаць пра ўнутраны свет чалавека. У Беларусі шмат хто чытаў Дастаеўскага, але тут мы паказваем, што на свеце быў не адзін такі аўтар, не толькі ён імкнуўся як мага дакладней паказаць псіхалагічны стан герояў у стрэсавых (кажучы па-сённяшняму) сітуацыях. Кніга Гамсуна дасць беларусам магчымасць зірнуць на праблему, яе далягляды шырэй. Ды і на літаратуру ў цэлым. Вельмі каштоўнае і тое, што ўсе тры творы, якія ўвайшлі ў кнігу, — вельмі розныя паводле стану душы аўтара, герояў. Пазней Гамсун будзе паўтарацца, але самае чыстае і цікавае — у яго ранніх творах. На мой густ, вельмі адметныя і яго мемуары «На зарослых сцяжынках», напісаныя ў старасці: у іх аўтар таксама здолеў нешта новае адкрыць.
Як лічыце, кніга стане папулярнай у беларускага чытача?
Не трэба мець ілюзій, што гэта адбудзецца адразу. Нам жа трэба чытача, які некалі чытаў Гамсуна па-руску, прымусіць перачытаць яго па-беларуску. Але маю спадзеў, што кніга падштурхне на моўныя пошукі, назіранні за тым, як у беларускім індывідуалістычным менталітэце знайсці месца для гэтага аўтара. Спадзяюся, што нехта пачне чытаць раман — і не спыніцца, як гэта некалі было са мною.
Кніга стане першай у серыі, у якой плануецца друкаваць беларускамоўныя пераклады нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры. Чула меркаванні, што серыйнасць можа не пайсці на карысць твору.
Гадоў 10 таму я б дакладна сказаў, што серыйнасць — рэч карысная, бо людзі яшчэ збіралі кнігі, мелі месца для іх у доме. Таму лічылася нядобрым, калі адной-дзвюх кніг у нейкай серыі не хапала. Цяпер сітуацыя іншая: многія вызваляюць паліцы, здаюць кнігі ў букіністычныя кнігарні. Ідэя ж такой серыі даўно лунала ў паветры яшчэ ў 1980-я гады. Па сутнасці, у гэтым кірунку праца ішла, але серыя, што задумвалася як «нобелеўская» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», у выніку атрымала назву «Скарбы сусветнай літаратуры». У яе межах пабачыў свет па-беларуску «Доктар Фаўстус» Томаса Мана, выйшаў том Германа Гесэ. Светлай памяці Юрась Бушлякоў планаваў асобнымі кнігамі выдаваць зборнікі паэтаў – нобелеўскіх лаўрэатаў, але далей за праграмы на радыё справа не пайшла. Спадзяюся, што зараз — крок за крокам, кніга за кнігай — усё атрымаецца.
Творы якіх аўтараў-набеліянтаў, па-вашаму, найперш варта было б перакласці?
У перуанца Мар’ё Варгаса Льёсы вельмі цікавая проза, якая па-беларуску яшчэ не друкавалася. Як, зрэшты, і творы Жузэ Сарамагу, Архана Памука… Амаль не перакладзеныя Каміла Хасэ Сэла, Гюнтэр Грас… Думаю, яшчэ нямала аўтараў з кагорты нобелеўскіх лаўрэатаў заслугоўваюць, каб іх перакласці. Што праўда, тут востра стаіць пытанне набыцця правоў на пераклад. Магчыма, варта пачаць з тых пісьменнікаў, на чые творы ўжо не распаўсюджваецца закон аб аўтарскім праве. Гэта Томас Ман, Герман Гесэ, іншыя выдатныя творцы. Але пачынаць заўсёды трэба, хоць адразу і бывае страшнавата.

Кнут Гамсун (1859—1952, сапр. імя Кнуд Пэдэрсэн) — нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1920 года. Лічыцца адным з самых значных прадстаўнікоў неарамантызму.


Гутарыла Марына Весялуха. Паводле budzma.by