Аліўкі і ябацькінг. Зразумелы слоўнічак пратэстаў-2020
З мая 2020 года, калі была абвешчаная дата прэзыдэнцкіх выбараў, беларусы значна пашырылі свой вакабуляр. Словы «аліўкі» і «бусікі» набылі новы сэнс: цяпер яны не асацыююцца з закускай і аксэсуарам. Для гісторыі фіксуем неалагізмы беларускага пратэсту.
Бусік
Тое ж самае, што мікрааўтобус. Але канкрэтна гэтае слова выкарыстоўваецца для абазначэння транспарту сілавікоў. Як правіла, гэта мадэлі Volkswagen Transporter T5, Ford Transit (у тым ліку Custom), Mercedes-Benz Sprinter і спецыяльныя Volkswagen Crafter. Машыны звычайна цёмных расфарбовак, радзей — белыя, серабрыстыя. Такія аўтамабілі і раней выкарыстоўваліся спецпадраздзяленнямі, але ў такім маштабе, падаецца, ніколі. На гэтым фоне з’явілася яшчэ адно слова — «бусафобія». Гэта калі бачыш бусік і пачынаеш баяцца, што цябе ў яго забяруць.
Гуляць
Дзякуючы легендарнай Ніне Багінскай, якая стала сімвалам пратэсту, беларусы вывучылі новую фразу: «Я гуляю». Менавіта яе пенсіянерка сказала ў жніўні, калі ў прадстаўнікоў сілавых структур паўсталі пытанні да яе і яе сцяга. Сёння многія беларусы, выходзячы на акцыі пратэсту, не кажуць, што яны пратэстуюць. Яны — гуляюць. І, што галоўнае, усе выдатна разумеюць, пра што гаворка. У раённых чатах то і справа гучаць пытанні: «Ідзем сёння гуляць?».
Жодзіна
Калі нехта ў другой палове 2020-га сказаў, што едзе ў Жодзіна, — гэта не просты ваяж у горад побач з Мінскам. Што значыць «апынуцца на Акрэсціна» беларусы ведалі і раней, а вось у турму №8 горада Жодзіна затрыманых і арыштаваных мінчукоў так масава не звозілі. Затое цяпер адрас «Савецкая, 22А» ведаюць многія, хто піша лісты. Як і тое, што менавіта там перажывае за неверагодных беларусаў Марыя Калеснікава.
(Мажліва, хутка да гэтага неалагізму дададуцца і Баранавічы — апошнім часам і туды выпраўляюць затрыманых — НЧ)
Касманаўт
Хто гэта — вы бачыце на фота. Часцей за ўсё гэтым словам называюць амапаўца ў форме і са шлемам на галаве. У поўнай экіпіроўцы ў іх ёсць наплечная «луска», пальчаткі, налакотнікі і іншы «шмот», як выказаліся б геймеры. Прычына мянушкі зразумелая — абмундзіраванне і праўда падобнае на скафандр.
(Насамрэч, «касманаўтамі» называлі АМАП у шаломах яшчэ з 2000-х — НЧ)
Лялькаводы
Чэскія, амерыканскія, літоўскія, украінскія. Карацей — усякія. У нейкім сэнсе «лялькаводы» — тыя, хто супрацьстаяць «касманаўтам». Але першых ніхто ніколі не бачыў. Хоць Лукашэнка ўпэўнены: яны існуюць. Пра гэта ён заявіў яшчэ 10 жніўня, Нагадаем: «па адной гутарцы мы бачым «лялькаводаў». Адна з гэтых ліній «лялькаводаў» — Чэхія. Сёння ўжо з Чэхіі кіруюць нашым аб’яднаным штабам, дзе, прабачце мяне, сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць. < ... > Яны працягваюць насядаць, працягваюць патрабаваць: выводзьце людзей на вуліцу і вядзіце перамовы з уладамі пра добраахвотную здачу ўлады». Беларусы не разгубіліся і хутка надрукавалі сабе «грошы ад лялькаводаў» — гэта «долары» з выявай Ніны Багінскай, Святланы Ціханоўскай, Лукашэнкі, пацукамі, бульбай. Усе яны адсылаюць да розных падзеяў і жартаў.
Стужка
Пратэст беларусаў выяўляецца не толькі ў гулянні. Чырвона-белыя стужкі з розных матэрыялаў для гэтага таксама спатрэбіліся. Магчыма, народ бы ніколі да гэтага не дадумаўся, калі б не таемная барацьба ўладаў з сімволікай пратэстоўцаў. Калі БЧБ-сцягі пачалі здымаць з балконаў (дарэчы, яшчэ да выбараў), беларусы прыдумалі новую фішку — рабіць іх з дапамогай стужак, каб зняць было складаней.
Аліўкі
Так у народзе гавораць пра супрацоўнікаў АМАП, апранутых у вопратку аліўкавага колеру. Наяўнасць формы такога адцення ў іх — не сакрэт, і яе нават паказвалі па тэлевізары раней. Дарэчы, сілавікоў у іх стандартных чорных адзеннях людзі яшчэ называюць «маслінамі» і «смародай» — цэлы гастраном.
Партызаніць
Слова не моцна памяняла значэнне, хутчэй, перажывае свой рэнесанс. «Партызаняць» тыя, хто не ходзіць на пратэсты, затое займаецца «падпольнай» дзейнасцю. Напрыклад, раздрукоўвае насценгазеты, распаўсюджвае ўлёткі, лепіць стыкеры, дапамагае валанцёрам. А то і зусім — развешвае бел-чырвона-белыя сцягі ў вельмі нечаканых месцах.
Прастытуткі і наркаманы
То бок — пратэстоўцы. Так беларусы сталі называць сябе таксама з лёгкай рукі Лукашэнкі. «Наркаманы» з’явіліся 10 жніўня, як і гісторыя з лялькаводамі. Адтуль жа пайшлі «авечкі». З «прастытуткамі» больш складана. Пра іх Лукашэнка казаў яшчэ да выбараў, 4 жніўня, але проста так нікога не называў: «Мы — дзяржава — ніколі не выйграем гэтую бітву ў Інтэрнэце, таму што яна «жоўтая». Мы не можам апусціцца на ўзровень «жаўцізны», абзываць усіх, хто нам не падабаецца, прабачце, шлюхамі і прастытуткамі». Мабыць, прастытуткі так добра ўпісваліся да наркаманаў і авечкам, што іх таксама вырашылі далучыцца да агульнай кампаніі.
Сабачка
На жнівень выпаў час частых мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі. Іх удзельнікі выкрыквалі мноства лозунгаў: ад лаканічнага «Бе-ла-русь!» да мемнага «Бацька, наперад, з табою народ». Але ўсё ж такі больш за ўсё беларусам палюбілася крычалка «За бацьку», якая ў масавым выкананні ператвараецца ў патрабаванне «Са-ба-чку!». Натуральна, адразу пасля гэтага адкрыцця з’явіліся відэа, дзе перад адказам мітынгоўцаў устаўлялі пытанні накшталт «Каго будзем карміць?». Сабачку, вядома.
Ціхары
Так называюць людзей у грамадзянскай вопратцы без асаблівых прыкметаў, якія, відавочна, з’яўляюцца прадстаўнікамі сілавых структур, аднак нічым гэта не падкрэсліваюць. Карацей кажучы, супрацоўнікі ў цывільным. Часцей за ўсё яны здымаюць тое, што адбываецца на камеру, але могуць і проста назіраць, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю. А часам могуць нават затрымліваць, як самы сапраўдны амапавец у форме. На фота вышэй можна ўбачыць, чым «ціхар» адрозніваецца ад супрацоўнікаў у форме і чаму адразу зразумела, што гэта не проста мінак.
(Гэтае слова — таксама з пратэстаў апазіцыі яшчэ да сёлетняга ўзрушэння — НЧ.)
Хапун
Яшчэ адно слова з мінулага, якое стала папулярным зноў. «Хапун» — масавыя затрыманні. Маецца на ўвазе, што ён адбываецца жорстка, бяруць усіх без разбору. З сінонімаў ў абарачэнні «вінцілава» або, калі хочацца падкрэсліць асаблівасць моманту, «вінтаж».
Ланцуг
Мы гаворым аб ланцугах салідарнасці, якія стыхійна выстройваюцца ў розных частках не тое што Мінска, але і ўсёй Беларусі. Хто ведае: можа быць, ходкую фразу «больш за трох не збірацца» прыдумалі, таму што прадбачылі такую з’яву? Бо два чалавекі — яшчэ не ланцуг, а вось тры — ужо ён. Самым буйным такім ланцугом, мабыць, быў «ланцуг пакаяння» 22 жніўня. Ён расцягнуўся ад Акрэсціна да Курапатаў.
Чаяванне
Згуртаванасць беларусаў на фоне падзей года вылілася ў новы фармат зносін з суседзямі — чаяванне. Спачатку з’явіліся раённыя чаты у телеграме (яшчэ адна з’ява з 2020-га), дзе людзі размаўлялі адзін з адным. Затым вельмі хутка ўсё развіртуаліліся і сталі тусавацца разам: піць гарбату, прыносіць торцікі і іншыя прысмакі, запрашаць музыкаў і танцаваць пад іх жывое выкананне. Асабліва знакамітымі сваімі дваровымі «чаяваннямі» сталі Новая Баравая, двор на «Плошчы Пераменаў», так званы Грушвіль і святы ў Асмалоўцы.
Ябацькінг
Іранічная назва мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі. Яно пайшло ад слогана «Я/Мы Бацька». Некаторыя мяркуюць, што яго прыдумалі расейскія паліттэхнолагі і прапагандысты, бо самі беларусы практычна ніколі не называюць Лукашэнку гэтым словам (акрамя Наталлі Эйсмант, зразумела). Вельмі хутка інтэрнэт-жартаўнікі скарацілі лозунг мітынгоўцаў да зычнага «Ябацька». Далей ужо нарадзіліся вядомыя «Ябацькі» (удзельнікі праўладных мітынгаў) і «Ябацькінг» (уласна, такі мітынг).
23.34
Зусім не час на гадзінніку, а нумар артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яго змест ведае амаль кожны беларус, таму нават не будзем нічога тлумачыць. Калі сябар кажа, што яго судзілі «па 23.34», пытанняў больш не ўзнікае. «Гуляў», хутчэй за ўсё: яшчэ не было прэцэдэнту, каб па гэтым артыкуле судзілі за «ябацькінг».
Пераклад НЧ