У Беларусі затрымалі супрацоўніцу «Ельцын цэнтра». За яе заступіўся Крэмль
У Крамлі разлічваюць атрымаць інфармацыю, звязаную з затрыманнем у Беларусі шэф-рэдактара інтэрнэт-праектаў «Ельцын цэнтра» Марыны Пятрушка, паведаміў прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў.
«Мы не ведаем, але мы абавязкова праверым гэтую інфармацыю. Акрамя таго, там наладжаныя кантакты паміж сілавікамі і нашым пасольствам. Пасольства рэгулярна атрымлівае інфармацыю аб расійскіх грамадзянах. Мы спадзяемся, што атрымаем неабходную для нас інфармацыю, і што расіянка будзе адпушчаная», — цытуе Пяскова «Інтэрфакс».
Так ён адказаў на пытанне, звязанае з паведамленнямі аб затрыманні ў Беларусі Пятрушкі падчас адпачынку, якая наведвала сваю пажылую маці.
Як паведаміла «Інтэрфаксу» раней першая намесніца выканаўчага дырэктара прэзідэнцкага цэнтра Барыса Ельцына Людміла Целянь, Пятрушка знаходзілася ў чарговым адпачынку на сваёй радзіме ў Баранавічах. Яна наведвала пажылую маці, і ў нядзелю па дарозе да яе была затрыманая на аўтобусным прыпынку. Па папярэдняй інфармацыі, яе даставілі ў ІВС у Баранавічаз і абвінавацілі па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве). Сваю віну Пятрушка адмаўляе.