ALEKSEEV прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні-2018»
Украінская поп-зорка ALEKSEEV перамог у фінале беларускага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2018". Менавіта ён прадставіць нашу краіну на конкурсе ў Лісабоне ў траўні.
Паўдзельнічаць у беларускім адборы ALEKSEEV вырашыў з-за сваёй папулярнасці і любові беларускіх фэнаў:
"Я лічу сябе ў тым ліку і беларускім выканаўцам",— не раз заяўляў артыст.
Па выніках галасавання, ALEKSEEV набраў найбольшую колькасць балаў як з боку журы (12), так і з боку тэлегледачоў (за яго прагаласавала 5184 чалавек). На другім месцы (па 14 балаў) апынуліся этна-электронны дуэт Shuma (3042 ад гледачоў 910 балаў) і ўсяго чатыры балы ад журы) і ветэран нацыянальных адбораў спявачка Гюнеш (яна атрымала 6 балаў ад фэнаў і 8 ад журы).
Усяго ў нацыянальным фінале прымалі ўдзел 10 выканаўцаў. Сярод іх — заўсягдаі адбораў Гюнеш, Анастасія Малашкевіч, Napoli, Кірыл Гуд, Alen Hit, гурт "Радиоволна", Lexy (Аляксандра Ткач) і навічкі Shuma. Дарэчы, менавіта Shuma стала фаварытам wiwi журы: эксперты галоўнага фэнскага сайта "Еўрабачання" палічылі самым цікавым кандыдатам ад беларусі менавіта этна-электроншчыкаў на чале з Русяй.
Цікава, што падчас фіналу ALEKSEEV паказаў не лепшы вакальны вынік. Змененая мелодыя скандальнай песні "Forever" (якая вельмі нагадвала песню "Навсегда", але, каб не было праблем, ноты крыху памянялі месцамі) апынулася для артыста цяжкаватай. Праўда, самому Мікіту Аляксееву так не падалося, пра што ён і паведаміў у інтэрв'ю сябру журы і журналісту onliner.by Аляксандру Чарнуху:
"Мне спадабалася, як я выканаў песню", — сказаў Мікіта. А вам спадабалася?
Руся з гурта Shuma здзіўлена чатыром балам ад журы:
"У нас сапраўды быў выдатны нумар, якасны матэрыял, высокія адзнакі ад беларускіх і еўрапейскіх слухачоў. Атрымаць ад роднага журы чатыры балы... О'кей. Не ведаю, ці будзем яшчэ ўдзельнічаць. Трэба з гэтым пераспаць".
Найбольшая група падтрымкі ў фінале назіралася ў Гюнеш. Пры чым спявачку прыехаў падтрымаць кампазітар яе песні Цім Норэл і шведская каманда, якая працавала над нумарам са жніўня.
"Я вельмі задаволена сваім выступам. Але шкада, канечне. Пераможца спявае міма нот. Трэба запытацца ў журы, як такое можа быць, — кажа расчараваная Гюнеш. — Мая шведская каманда была ўпэўнена ў маёй перамозе".
19-га лютага ў 14.00 падводзім вынікі беларускага адбору на "Еўрабачанне-2018" разам з прадзюсарам Уладзімірам Максімкавым і сябрам журы і журналістам "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Сяргеем Маліноўскім.
Паводле «Еўрарадыё»