Адкрылася выстава “Кола агню” пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”

Вечарам 17 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава “Кола агню”. Міжнародныя пленэры па кераміцы "Арт-Жыжаль" — майстар-клас" з 2003 года штогод праводзяцца ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). 



Творчая акцыя заснаваная ўпраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскім гарвыканкамам. Арганізатары пленэру — аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама, Бабруйскі мастацкі музей і Бабруйская гарадская арганізацыя Беларускага саюзу мастакоў (БСМ).

Чарговы XI пленэр па кераміцы пад дэвізам "Досвед майстэрства: традыцыі і сучаснасць" адбыўся сёлета ў Бабруйскім раёне на базе адпачынку "Вербкі", размешчанай на беразе ракі Бярэзіна. У пленэры бралі ўдзел 25 прафесійных беларускіх і замежных мастакоў-керамістаў, якія працавалі па зададзенай раней тэме "Скульптура ў прасторы інтэр'еру".

art_zhizhal_13_5_logo.jpg

 Саніта Абелітэ (Латвія). Ноч

Мастакі выконвалі па адной аўтарскай творчай працы згодна з канцэпцыяй афармлення пэўнага інтэр'еру, распрацаванай арганізатарамі пленэру. Творы былі ўсталяваныя ў прызначаным для іх інтэр'еры ў якасці падарунку гораду. Акрамя таго, кожны ўдзельнік “Арт-Жыжалю” пакінуў ягоным арганізатарам па аднаму аўтарскаму твору ў дар Бабруйскаму мастацкаму музею. Падчас пленэру керамістам таксама прадставілася мажлівасць выканаць у сваю творчую спадчыну да пяці эксперыментальных прац. Менавіта з гэтых прац, а таксама музейных і тых, што знаходзяцца ва ўласнасці мастакоў, і складаецца экспазіцыя.

art_zhizhal_13_6_logo.jpg

  Максім Калтыгін (Беларусь). Сотавая сувязь

Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, кожны раз выстава па выніках пленэру “ Арт-Жыжаль” з’яўляецца “новай, незвычайнай, прыгожай, святочнай і толькі дзіву даешся, як гэта ўсё можа практычна на сабе выцягваць адзін чалавек — ініцыятар творчай акцыі, выбітны беларускі кераміст Уладзімір Калтыгін”. “Я неаднаразова выказваў сваё захапленне і шчырае здзіўленне гэтым апантаным чалавекам і не стамляцца буду выказваць яшчэ столькі гадоў, колькі ён будзе ўсіх нас радаваць гэтымі творамі. Валеры Калтыгін са сваёй грамадой, якая ўсё большае і большае, узяўшы за аснову пракаветныя народныя традыцыі керамічнага рамяства, узняў гэтыя старажытныя традыцыі да вышыняў сучаснага дэкатарыўна-ўжытковага мастацтва. А гэта можа зрабіць толькі сапраўдная асоба, якая сваёй творчасцю ўпрыгожвае сябе, кола сваіх калег і ўвесь свет”, — падкрэсліў Рыгор Сітніца.

art_zhizhal_13_1_logo.jpg

  Святлана Жугжда (Малдова). Сям’я

Выставу можна наведаць па 3 лістапада.

art_zhizhal_13_2_logo.jpg

Яўген Адзіночанка (Беларусь). Восень-зіма

Здымкі аўтара