Ад сёння — карона Расійскай Імперыі ў Нацыянальным мастацкім музеі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь упершыню ў рамках сусветнага турнэ прадстаўляе Імператарскую карону Расіі (рэпліка), вядомую таксама як Вялікая імператарская карона Расійскай імперыі — імператарская рэгалія 1762–1917 гадоў.



small_korona.jpg

Вялікай імператарскай каронай каранаваліся ўсе імператары Расіі, пачынаючы ад Кацярыны II. У апошні раз Вялікая імператарская карона дэманстравалася на дзяржаўных мерапрыемствах у 1906 годзе — на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Першай Дзяржаўнай думы з удзелам апошняга імператара Мікалая II.

Цяпер арыгінал знаходзіцца ў складзе пастаяннай экспазіцыі ў скарбніцы Алмазнага фонду Расійскай Федэрацыі.

Для вырабу кароны майстры выкарыстоўвалі 4936 брыльянтаў агульнай вагой у 2858 карат. Паўшар’і кароны знаходзяцца на вянку з 19 брыльянтаў, кожны вагой каля 5 карат, уверсе іх абрамляюць два рады з 54 буйных матавых жамчужын. У цэнтры вянка знаходзіцца брыльянт авальнай формы вагой у 12,63 караты.

Карону вянчае брыльянтавы арнамент у выглядзе ружы з дванаццаці пялёсткаў (шпінэль вагой у 398,72 караты), на якой знаходзіцца алмазны крыж. Лічыцца, што гэта другая па велічыні высакародная шпінэль у свеце.

У 2012 годзе Вялікай імператарскай кароне споўнілася 250 гадоў. У гонар гэтай гістарычнай даты смаленскія майстры прынялі рашэнне ўзнавіць гэты гістарычны сімвал расійскай дзяржаўнасці. Рэалізацыя гэтай ідэі прымеркавана яшчэ і да 50-годдзя флагманскага ў алмазаапрацоўчай галіне Расіі ювелірнага вытворчага аб’яднання “Крышталь” (г. Смаленск).

Над творам паўгода працавалі больш за 60 смаленскіх майстроў ювелірнай групы “Смаленскія брыльянты”. Карона выканана з белага золата. Пры яе вырабе быў скарыстаны ўвесь патэнцыял сучаснай ювелірнай вытворчасці.

Рэпліка Вялікай імператарскай кароны стылістычна паўтарае арыгінальны выраб. Адметнай асаблівасцю вырабу з’яўляецца сучасны дызайнерскі падыход да дэкарыравання каркаса брыльянтамі ідэальнай агранкі і прынцыпова іншыя метады іх замацавання.

Мінск — першы горад, які прымае рэпліку кароны па-за межамі Расіі. У наведвальнікаў музея будзе ўнікальная магчымасць разгледзець узор рускага ювелірнага мастацтва.

Выстава працуе з 5 па 21 красавіка і з 26 красавіка па 25 мая 2014 года

Кошт уваходнага білета “Вялікая імператарская карона Расійскай імперыі (рэпліка)”

Для навучэнцаў і студэнтаў — 10 000 руб.

Для дарослых і студэнтаў-завочнікаў — 20 000 руб.

Паводле artmuseum.by