АўтаSTOPам па Еўропам
(На здымку: Перад канцэртам «U2». На першым плане аўтаспыншчык Раман Абрамчук)
(На здымку: Перад канцэртам «U2». На першым плане аўтаспыншчык Раман Абрамчук)
Удалы спын да Варшавы
Раніца. Выезд на брэсцкую шашу. Неверагодна ўдалы спын да Варшавы. Мяне падбірае рускі Андрэй, які едзе ў Германію забіраць сваю жонку з лякарні. Разам будзем у дарозе каля 8 гадзінаў, разам
перажывем пераезд праз мяжу. Ён аказаўся бізнесменам, які валодае кардоннай вытворчасцю і даволі няблага жыве. Аб’ехаў літаральна ўсе краіны Заходняй Еўропы. Здзіўляе сваёй павагай да
палітычнай пазіцыі прыбалтыйскіх народаў і просіць мяне размаўляць па-беларуску. Прайшоўшы разам усе колы пакутаў беларуска-польскай мяжы, выскокваем на дарогу да Варшавы. Я кажу Андрэю, што ў
палякаў ёсць такое традыцыйнае пажаданне вадзіцелю: «шырокай дарогі», бо здавён тут робяць вузкія дарогі. Андрэй задаволена паўтарае польскі выраз і… ледзь не
«ўпісваецца» ў задні бампер фуры. Будзе памятаць выслоўе да канца дзён.
Ужо а 17-й шпацырую па Варшаве. Польшча заўжды пагружала мяне ў дэпрэсію. Калі бачыш мноства захаваных гістарычных помнікаў, узровень патрыятызму, іх імкненне дапамагчы, падказаць штосьці незнаёмцу,
— пачынаеш разумець нашу беднасць на гэта ўсё. У Польшчы гэтага з лішкам, у нас — драбніцы, якія трэба яшчэ абараняць.
Таксама ў дэпрэсію заганяе багацце грамадства на рэалізаваныя ініцыятывы. Здаецца, любы чалавек, які задумаў штосьці — ці то ў бізнесе, ці то ў культуры, грамадскай дзейнасці, — мае
магчымасць рэалізаваць сваю ідэю. Папросту зайздросна.
«U2» прызямліўся ў Польшчы
Адна з мэтаў майго падарожжа — канцэрт «U2» у Хожаве (Катавіцы).
З Вавы (так скарочана называюць сваю сталіцу палякі) да Катовіцаў (агламерацыя з некалькіх гарадоў) — каля трох гадзін дарогі. Выязджаю раней. Але ўжо з цэнтра ў бок маёй трасы цягнуцца
групкі па 10–30 чалавек з харугвамі і спевамі: стартуе знакамітая штогадовая польская пілігрымка ў Чэнстахова. Спыняць абсалютна немагчыма: ланцуг паломнікаў расцягнуты ўздоўж патрэбнай мне для спыну абочыны на доўгія-доўгія
кіламетра-гадзіны. Укліньваюся ў шэрагі адной з моладзевых груп. Урэшце ўся працэсія збочвае на абед: мой шанец злавіць машыну. Ды вось яны ўжо і мільгацяць — легкавушкі з надпісам
«U2» пад шклом: палякі любяць выяўляць сябе праз такія «фішкі».
Пад стадыёнам я каля 14-й. Тут ужо тусуецца мноства чакаючых. Усе яны — розных узростаў, напрамкаў, стыляў. Размаўляюць на розных мовах. Іх аб’ядноўвае толькі прыхільнасць да
гурта.
Увогуле, прыезд «U2» у Польшчу — знакавая падзея. Палякі сапраўды любяць гэты гурт. І калі пераязджаеш беларуска-польскую мяжу, то адразу заўважаецца — па
FM-станцыях нязвыкла часта гучыць Бона. А ірландцы любяць Польшчу. Гэта самы ўсходні куток Еўропы, куды ўжо другі раз завітвае сусветна вядомая ірландская чацвёрка, ды і сам Бона прызнаваўся, што тут
найбольш цёплая публіка. У варшаўскім штодзённіку «Metro» навіна пра канцэрт — на першай паласе, а ўнутры — артыкул: «Бона: музыка, палітык,
святы».
Канцэрт пачынаецца а 19-й гадзіне. Сустракаю дзяўчыну з Мінску, таксама фанатку «U2». Хто мне патлумачыць, як такое адбываецца?
Сцэнічныя эксперыменты «U2» называюць найбольш перадавымі ў свеце. Вялізарны экран кальцом размешчаны пад дышлам «каракаціцы» (такой мне спачатку падалася сцэна).
Ды яшчэ і расцягваецца ўніз. Дрыжыкі бягуць па спіне, калі па ім паўзуць відэашэрагі з электранічным музычным фонам.
«Пароль» для беларусаў
Паміж песнямі Бона выступае з прамовамі. Пра мір, праблемы ў арабскім рэгіёне і Польшчу: «Еўропе патрэбна болей такіх нацый, як палякі. Што аб’ядноўвае Польшчу з Ірландыяй? Вера?
Вера ў будучае? Вера ў тое, што будучае будзе лепш, чым мінулае, і не толькі для некаторых, а для многіх».
Пяць гадоў таму на канцэрце «U2» польскія фаны зрабілі белымі і чырвонымі
майкамі і заплечнікамі польскі сцяг на стадыёне. Уражаныя ірландцы тады паабяцалі прыехаць яшчэ раз, калі такое паўтарыцца, і зрабіць відэаролік. На гэты раз бела-чырвоны сцяг з маек зноў лунаў над
стадыёнам.
Адну з песень Бона перафразаваў спецыяльна для палякаў: «Your know your name. Password. Enter now. Your know your name — Solidarity». Так, палякі дабіліся ўсяго дзякуючы
«Салідарнасці» і праз салідарнасць. Доўгае ўпартае змаганне за лепшае жыццё, за прасвятленне ў грамадстве. Салідарнасць — гэта тое, што ім трэба было прыдбаць, чаму трэба
было навучыцца, каб справіцца з тагачаснай праблемай. І яны далі рады.
Ці ёсць гэты «пароль» у беларусаў? Што нам трэба прыдбаць, каб мы пайшлі ўгару, не ў марах, не ў літаратурных творах і выказваннях, а насамрэч? Каб самым усходнім кутком Еўропы,
куды прыехала ірландская чацвёрка была не Польшча, а Беларусь?
Канцэрт пакідае цудоўнае ўражанне. Мноства думак, пачуццяў. Думаеш, наколькі ўсё ж такі пашчасціла ірландцам, што ў іх ёсць «U2». Праславілі сваю краіну на ўвесь свет, неаднаразова
былі лепшым гуртом у свеце ў самых розных намінацыях. Стварылі цэлы сусвет сваімі песнямі, цэлы стыль і кірунак.
«Польска а» і «Польска б»
Далей шлях ляжыць да Кракава: еду ў госці да сяброўкі. Дапамагае знаёмы з Катавіцаў, у якога я ночыў, сам аўтаспыншчык, ён з педантычнай дакладнасцю малюе маршрут-схему да кальцавой з дапамогай
аўтобусаў. Але да Кракава вядзе аўтабан. Гэта значыць, гуляць пешшу, выбіраючы добрае месца для спыну, там забаронена. Ратуе тое, што польскія аўтабаны — новаўвядзенне, і паліцыя не кранае
такіх, як я.
Дайшоўшы да запраўкі, падыходжу да маладзёна нефармальнага выгляду (у такім кшталце спыну варта выбіраць, да каго падыходзіць) і прашу ўзяць мяне да Кракава. Позірк «зверху ўніз» дае зразумець, што знешнасць можа падманваць. Спыняючы машыны, ніколі не
хочаш нарвацца на тых, хто не разумее аўтаспыннага «віду спорту» і будзе задаваць непрыстойныя пытанні пра вашае фінансавае становішча. «Так, аўтаспынам! Бо ў вас шалёныя
кошты на транспарт, бо гэта класна, і ўвогуле, бярэш ці не?!» Канешне, размова выглядала крыху іначай. Праз паўтары гадзіны я непадалёк ад помніка Міцкевічу ў самым цэнтры Кракава. Мая
сяброўка грэецца на сонейку ля п’едэстала.
У Кракаве я патрапіў у старую камяніцу. Уражвае, наколькі раскошна жылі крокусы-гараджане. Але вось і першае, што спыняе бязмежнае захаплення польскім дабрабытам: дзяўчыну-сірату высяляюць з гэтай
кватэры, бо з’явілася колішняя даваенная гаспадыня, прадставіла даваенныя дакументы на набыццё кватэры і выйграла суд. Справа ў тым, што пасля вайны сацыялістычная ўлада кватэру перадала
рабочай сям’і. Дзяўчынка — гэта ўнучка першых пасляваенных гаспадароў. Шчыра кажучы, абурыла сама сітуацыя.
Сяброўка з Кракава падзялілася кліпамі гурта ў стылі «дыска-пола». Гэта фолк, з дыска-аранжыроўкамі. Уся Беласточчына адрываецца менавіта пад гэта. Праўда, у астатняй Польшчы гэта
лічыцца поўным «адстоем». Ёсць «Польска А» — ад Вроцлава да Варшавы, і «Польска Б» — тое, што калісьці звалася Беларуссю. Усё,
што паходзіць з «Польскі Б», мае там статус «калгаснага». Але менавіта беларускія карані, нежаданне іх губляць і ўтвараюць такую непрыглядную на думку
«палякаў А», але вельмі самабытную культуру Беластока і ваколіц.
* * *
Зноў Варшава. Здзіўляе мноства турыстаў і раскаваная атмасфера ў Старым Мясце. У горадзе — святкаванне чарговай гадавіны Арміі Краёвай. Зноў уражвае ўзровень патрыятызму: на вуліцах
— тэатралізаваныя прадстаўленні на гэту тэму, спяванне тагачасных вайсковых песень, якія падхопліваюць турысты і самі варшавякі, мноства лампадак каля памятных знакаў у горадзе. Жывое
ўшанаванне памяці сваіх герояў, без загаду зверху.
Працяг будзе
----------------------------------------------
Аўтадаведка
Я — аспірант-культуролаг, працую экскурсаводам. Вандрую са студэнцкіх часоў, аўтаспынам і не толькі. Больш падабаецца ездзіць на Захад і Поўнач.
Гэтыя аўтаспынныя нататкі я зрабіў пасля падарожжа па Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Расіі ў жніўні гэтага года. Фінансавай дапамогай была гітара: гранне на вуліцах у старых гарадах,
бывае, прыносіць пэўны прыбытак.
Мэта падарожжа — убачыць, як жывуць іншыя народы. Я думаю, турфірмы не могуць даць магчымасці ўбачыць іншую краіну ў такім выглядзе. Турыстам заўжды імкнуцца паказаць самае лепшае, а часам
нават — несапраўднае, штучнае.
Іншая справа — аўтаспын: вадзіцель, які вас падбірае, ужо дазваляе вам увайсці ў свой свет. Ён, звычайны жыхар гэтай краіны, можа паведаміць вам пра свае маленькія праблемы, выкажа свае
погляды на палітыку, эканоміку, культуру.
І ў гэтым ёсць свая праўда, простая і маленькая. І калі вам пашчасціць мець некалькі такіх размоваў, то малюнак краіны стане больш дакладным. А часам вадзіцель запросіць вас на начлег, і тады
культура гэтага краю вам адкрыецца знутры, а яшчэ вы зразумееце, што значыць чалавечая адкрытасць.
У такіх падарожжаў няўмысна параўноўваеш жыццё замежнікаў з нашым і знаходзіш шмат агульнага, а штосьці, наадварот, здзіўляе. Прыгоды, нечаканыя знаёмствы, «падарункі лёсу» і
шматгадзінныя «завісоны» (калі проста не бяруць) — усяго гэтага багата ў аўтаспынным падарожжы. А яшчэ гэта танна.
Таму, аднойчы пачаўшы, ніяк не магу спыніцца спыняць. І самае дзіўнае — спыняюцца!