«Жыве Бог! Жыве вечна». Палітзняволеная Вольга Залатар выступіла ў судзе з апошнім словам

Шматдзетная маці ў апошнім слове цытавала Уладзіміра Караткевіча.

zalatar_volha.png

У Мінскім гарадскім судзе сёння з апошнім словам выступіла палітзняволеная маці пяцярых дзяцей Вольга Залатар. Учора пракурорка Жанна Баранава запрасіла ў суда пакаранне для яе — пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд Вользе будзе вынесены 3 снежня. «Вясна» публікуе моцнае і шчымлівае апошняе слова палітзняволенай на судзе, якое яна сказала на беларускай мове.

«Я тут, бо я неабыякавы чалавек, — сказала Вольга Залатар. — Я тут, бо жыву па Божым запавеце. Я тут, бо я — маці, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як маці і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцей. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства Божага, дзе пануе любоў. У валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.

Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўд. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.

Архіепіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан бог стварыў нас і сказаў: "Ідзіце, дзеці мае". Зараз вы вольныя, І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам зганяць нас у рай».

У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння».

Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: "На Беларусі Бог жыве". Жыве Бог! Жыве вечна».

Пасля апошняга слова ў залі суда загучалі апладысменты. Суддзя Анастасія Папко нагадала прысутным, што «за парушэнне яны могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці».

Прысуд будзе абвешчаны 3 снежня ў 10:00 ў Мінскім гарадскім судзе.

Нагадаем, Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў яе дома правялі ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы»: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця Залатар было адмоўлена з прычыны таго, што «цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання».

Палітзняволеную Вольгу Залатар абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

ч.1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»);

ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);

ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 («Пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).