Журналістаў зачынілі ў інтэрнаце і выклікалі міліцыю
Гомельскія журналісты-фрылансеры, сябры ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй звярнуліся ў міліцыю з заявамі пра тое, што загадчыца інтэрнату гвалтам утрымлівала іх у будынку.
“Мы прыехалі ў інтэрнат на вуліцу Уладзімірава, 37 па скарзе адной з жыхарак, — распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі. — На пікеце па зборы подпісаў за будучых кандыдатаў у прэзідэнты жанчына распавяла, што ў іх інтэрнаце доўгі час не працуе душ і не рамантуецца санвузел. Мы прыехалі, каб праверыць, ці адпавядае гэта рэчаіснасці і, магчыма, падрыхтаваць матэрыял. Дазнаўшыся пра наш візіт, загадчыца інтэрнату Надзея Кавалёва стала тэлефанаваць у сваё камунальнае прадпрыемства “Савецкае”, дзе ёй параілі зачыніць нас на замок і выклікаць міліцыю...”
У інтэрнат па выкліку прыехалі двое супрацоўнікаў Савецкага райаддзелу міліцыі — Андрэй Дзем’яненка і Сяргей Янковіч, якія апыталі ўдзельнікаў інцыдэнту і вызвалілі іх.
Фрылансеры, у сваю чаргу, напісалі скаргі на гвалтоўнае абмежаванне іх свабоды перамяшчэння і стварэнне перашкодаў пры выкананні прафесійных абавязкаў.
Адказаў заяўнікам міліцыя пакуль не даслала.