Зробім больш і лепш?
Міжнародны рух па ўборкам несанкцыянаваных звалак "Let's do it!" прапануе працягнуць добрую традыцыю Сусветных уборак у 2019 годзе.
Глабальны дзень уборкі прайшоў 15 верасня, удзел у акцыі прынялі 17 мільёнаў чалавек са 158 краін свету, у тым ліку з Беларусь. Гэта была самая буйная па колькасці валанцёраў прыборка за ўсю гісторыю руху "Let's do it!", нагадвае “Зялёны партал”.
У новым годзе арганізатары прапануюць для Сусветнай акцыі — 21 верасня.
Падводзячы вынікі Глабальнага дня ўборкі, арганізатары адзначаюць надзвычайныя ўмовы, у якіх давялося працаваць валанцёрам. Так, удзельнікі прыборак сутыкнуліся не толькі з нязвыклымі тэмпературнымі паказчыкамі, што вагаліся ад -10 градусаў па Цэльсію ў Канадзе да +48 — у Іране, а таксама з прыроднымі катаклізмамі і сюрпрызамі надвор'я.
"Нашыя лідары па ўсім свеце поўныя сіл паўтарыць усё ў наступным годзе. Акцыі па навядзенні чысціні з'яўляюцца выдатным спосабам ажыццяўлення імгненных змяненняў, а таксама прыцягнення ўвагі да праблемы неэфектыўнага кіравання адходамі і натхнення палітыкаў, кампаній і супольнасцяў на прыняцце мер па дасягненні дамоўленых змяненняў", — адзначае кіраўніца сеткавай каманды "Let's do it!" Хайдзі Солба ў прэс-рэлізе міжнароднага руху.
У 2018 годзе было запланавана, што кожная краіна-ўдзельніца мабілізуе на ўборку 5% свайго насельніцтва. Найбольшых лічбаў па колькасці ўдзельнікаў дасягнулі Інданезія (7,7 мільёна чалавек), Пакістан (3 мільёна), Злучаныя Штаты (1,5 мільёны), Непал (535 тысяч), а таксама Косава (195 тысяч, што складае 10,22%), Кыргызстан (420 тысяч — 7, 2%), Балгарыя (409 703 — 5,8%).
На жаль,
Беларусі не дасягнула высокіх паказчыкаў. Як распавялі “Зялёнаму парталу” ў
арганізацыйным камітэце беларускага руху "Зробім!", за сезон 2018
года ва ўборках паўдзельнічала 1344 чалавека, якія ачысцілі прыродныя масівы ад
105 460 літраў смецця.
"Для такіх вынікаў ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны. Нягледзячы
на тое, што ў Беларусі, падаецца ўсім відавочна праблема несанкцыянаваных
звалак, людзі яшчэ мала здольныя браць адказнасць на сябе ў вырашэнні гэтага
пытання. Прасцей перакласці яе на кагосьці іншага, чым прыкласці намаганні ў
вырашэнні сваімі сіламі і рукамі. Вялікую ролю іграе неналежная падтрымка руху
“Зробім!” дзяржаўнымі структурамі, якія да гэтага часу чамусьці бачаць у
актывістах ворагаў, чым аднадумцаў і памочнікаў. Ці занадта літаральна прымаюць
мэты акцыі і ў прымусовым парадку выводзяць людзей на ўборкі. Вядома, гэта не
стварае пазітыўнага іміджу для акцыі. Адсутнасць пастаянных і моцных партнёраў,
недахоп людзей у камандзе — таксама даюць ведаць пра сябе. І ўсё ж, мы
збіраемся працягваць працаваць, бо бачым у гэтым патрэбу і хоць невялікі, але
інтарэс з боку людзей", — адзначае кансультантка беларускага руху
"Зробім!" Хрысціна Чарняўская.
Дадатковую статыстыку міжнароднага
руху можна прагледзіць па спасылцы.
"Мы ўпэўніліся, што прыборкі — важны першы крок у павышэнні дасведчанасці
пра праблемы кіравання адходамі і рэсурсамі ў грамадстве. Аднак да яе рашэння
яшчэ далёка. Нам неабходна больш усведамлення і ціску на ўсе бакі, якія могуць
паўплываць на тое, як мы распрацоўваем, вырабляем, спажываем і перапрацоўваем
тавары. Праблема мае глабальны характар, і таму рашэнне патрабуе глабальных
намаганняў. Менавіта таму мы павінны нарошчваць тэмпы разам, а не паасобку",
— падкрэсліла кіраўніца аддзела камунікацыі "Let's do it!" Цііна Урм.
Рух "Let's do it!"
распрацаваў дарожную карту неабходных крокаў, якія трэба зрабіць ўрадам,
краінам, бізнесам, недзяржаўным арганізацыям і асобным людзям. Дакумент на 30
старонак пад назвай "Keep It Clean Plan" — гэта жывы інструмент руху,
які прапануецца ў якасці плана дзеянняў тым, хто жадае сыграць актыўную ролю ў
пераходзе да больш разумнага і ўстойлівага кіравання рэсурсамі. З бягучым
планам можна пазнаёміцца па спасылцы.
"Лідары і партнёры нашага руху збіраюцца ў Таліне 24-27 студзеня на
канферэнцыю “Чысты свет”, каб разам абмеркаваць, якім чынам мы можам паўплываць
на месяцовых і глабальных узроўнях, — зазначыла кіраўніца руху "Let's
do it!" Аннелі Охврыл. — Мы пачалі ствараць глабальную каманду для
арганізацыі Сусветнага дня ўборкі 2019 года. Заўсёды рады пракамунікаваць і
пасупрацоўнічаць з усімі людзьмі і арганізацыямі, што хочуць далучыцца да
сумесных дзеянняў ці падтрымаць іх".
Як падкрэслілі ў беларускім аргкамітэце "Зробім!", сёння складана сказаць, на колькі беларуская каманда здольная дасягнуць мэтаў міжнароднага руху.
"Ва ўсялякім выпадку — гэта выклік і прыкмета таго, што нам ёсць над чым працаваць, куды імкнуцца. А гэта зусім не дрэнна! І, вядома, мы будзем радыя новым удзельнікам і ўдзельніцам каманды, якія могуць прынесці свежых ідэй і сілаў у рух", — дадала Хрысціна Чарняўская.