Зміцер Дашкевіч: Перамены адбываюцца тады, калі іх ніхто не чакае
Амаль год Зміцер Дашкевіч не быў у Гародні. Пасля яго вызвалення з Гарадзенскай турмы, палітычны вязень стварыў сям’ю, займаецца цяслярствам, як індывідуальны прадпрымальнік.
Былы палітвязень падзяліўся з карэспандэнтам "Радыё Рацыя" думкамі пра агульную грамадскую атмасферу ў краіне, канстатуючы, што задача адбудовы беларускай нацыянальнай дзяржавы, якая б была заснавана на дэмакратычных прынцыпах, усё аддаляецца ад рэальнасці:
— На вялікі жаль, да 2010 года Беларусь, якая для мяне атаясамляецца з людзьмі, што праглі пераменаў, свабоды, справядлівасці, была больш асвечаная верай, натхненнем, імкненнем да пераменаў. Сёння ж нашае грамадства напаўняецца апатыяй, бязвер’ем і песімізмам. На вялікі жаль, я мушу канстатаваць такія рэчы.
— Як кіраўнік “Маладога Фронту”, як вы бачыце перспектывы развіцця моладзевага руху у Беларусі, і ў прыватнасці вашай арганізацыі?
— Яны вельмі цьмяныя ўсё з тае ж прычыны. Калі я прыйшоў у “Малады Фронт” у 2001 годзе, гэта былі тысячы маладых людзей, большасць з якіх была 15-гадовага веку. Зараз, калі нехта далучаецца да арганізацыі, ім далёка за 20. Вырасла пакаленне, якое не мае паняцця, што такое бел-чырвона-белы сцяг. За 20 гадоў многія згубілі веру і надзею на перамены ў Беларусі і палічылі за лепшае з’ехаць ці недзе “зашыцца”.У дэмакратычным руху засталіся адзінкі. І гэтым адзінкам трэба як дысідэнтам прабіваць дарогу ўсяму народу да незалежнасці і свабоды. Для мяне дысідэнцтва — слова, асвечанае барацьбой людзей. І да дысідэнтаў многім апазіцыйным лідарам трэба яшчэ дарасці. Большасць з іх — гэта проста палітычныя функцыянеры, якія ўжыліся ў існы палітычны рэжым і ім вельмі ўтульна ў гэтым рэжыме. Ёсць некалькі дысідэнтаў у беларускім грамадстве, якія і бяруць на сябе місію (хочуць яны гэтага ці не), весці да пераменаў і гаварыць праўду.
— У якой сітуацыі, на вашую думку, знаходзяцца палітычныя арганізацыі напярэдадні выбараў?
— З вялікім сумам я назіраю за пошукам адзінага кандыдата. Калі я вызваліўся, з тых палітыкаў, якія былі на волі і якія заяўлялі пра свае палтітчныя амбіцыі, я быў схільны падтрымаць Уладзіміра Някляева. На сённяшні дзень, каб ён балатаваўся, я б яго падтрымаў. Мілінкевіч — адзіны кандыдат?! Мы бачылі ў 2006 годзе, як ён быў адзіным кандыдатам. Калі ты нічога не дамогся, якім бы ты не быў харошым, пухнаценькім і падабаўся некаму ці не, калі ты не перамог, ставячы задачу перамагчы, то вазьмі на сябе адказнасць за гэтую паразу. Не спіхвай яе на рэжым. Першасная якасць лідара — браць на сябе адказнасць за паразы. Таму што, не прызнаючы паразы і памылкі, немагчыма выпрацаваць правільны шлях да перамогі. Усе хочуць быць пераможцамі. Здаецца, адзіны варыянт застаўся ў дзень выбараў — закрыцца дома, сядзець і не ўдзельнічаць у гэтым балагане.
— Ці толькі дысідэнцкі рух можа нешта змяніць?
— Ніхто гэтага не ведае. Калі мы бярэм на сябе смеласць гаварыць што, калі і як, то мы бярэм на сябе місію Бога. Бо толькі ён ведае гэта. Я, як чалавек, які чытае Біблію, пераконваюся ў тым, што перамены адбываюцца тады, калі іх ніхто не чакае, па адной простай прычыне — Бог кажа ў Бібліі: “Я буду гэта рабіць дзеля сябе самога і славы сваёй не аддам іншым”. Каб у 2001, 2006 ці нават 2010 годзе апазіцыя ўзяла ўладу, яна б яе ўзяла ў сітуацыі, калі яе пэўныя людзі чакалі. Я верыў у гэтую перамогу. Зараз мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі нават самыя агалцелыя ўжо расчараваліся. І я перакананы, што якраз у такія моманты дзейнічае Бог. Калі няма абсалютна ніякай надзеі на чалавечую мышцу. Гэта першае. Па-другое, кожны сумленны чалавек мусіць даць адказ сабе, што правільна і што праведна перад божым абліччам рабіць сёння ў гэтай краіне. І рабіць гэта там, дзе мы бачым несправядлівасць, выступаць супраць яе. Трэба разумець, што нельга перакласці адказнасць на нейкіх лідараў, на партыі і так далей. Адказнасць — на кожным грамадзяніне.
Настроі, якія пануюць у беларускім грамадстве ў сувязі з падзеямі ва Украіне, на думку Змітра Дашкевіча, разгортваюцца не на карысць прыхільнікаў пераменаў. Але, “Пуцін сам забівае цвікі ў труну Расейскай імперыі”, — мяркуе лідар “Маладога Фронту”.
Са Змітром Дашкевічам гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя