Зміцер Салошкін: Каб знішчыць карупцыю, трэба мяняць мадэль кіравання ў Беларусі

«У Беларусі карупцыя развіваецца не з-за таго што нейкія людзі схільныя да яе, а з-за таго што самі гэтыя сферы іншым чынам працаваць не могуць», — намеснік старшыні БНФ Зміцер Салошкін пракаментаваў «справу галоўных лекараў».

namesnik_starszyni_bnf_zmicer_saloszkin.jpg


Днямі па ўсёй Беларусі пракацілася хваля затрыманняў супрацоўнікаў сферы аховы здароўя: змешчаныя пад варту намеснік міністра аховы здароўя, кіраўнік “Белмедтэхнікі”, галоўныя лекары шэрагу шпіталяў і цэнтраў. Падставай для затрыманняў і ператрусаў сталі абвінавачанні ў карупцыйных злачынствах і хабарніцтве.

З гэтай нагоды намеснік старшыні Партыі БНФ лекар-рэаніматолаг Зміцер Салошкін даў каментар прэс-службе Партыі БНФ:

— Гэтая хваля арыштаў, хутчэй сведчыць, не пра нейкую спецыфіку ў сістэме аховы здароўя, а пра прынцыповыя заганы той адміністратыўна-каманднай сістэмы кіравання, якая пабудаваная цяпер у Беларусі. Для аўтарытарнай мадэлі карупцыя — гэта не нейкае непрадбачанае адхіленне, а сістэмная якасць, абумоўленая самой сутнасцю аўтарытарызму.

Карупцыя ёсць наўпроставы вынік існуючай мадэлі кіравання. Пакуль гэтая мадэль кіравання існуе — карупцыйныя схемы непазбежныя, бо з'яўляюцца яе сістэмным і арганічным элементам, яна на іх трымаецца. Менавіта завядзёнка негалоснага карупцыйнага заахвочвання кіраўнікоў ёсць адной з сістэмаўтваральных частак гэтай мадэлі. Знішчыць карупцыю магчыма толькі змяніўшы мадэль кіравання ў краіне з аўтарытарнай на дэмакратычную, калі кіраўнікі нясуць адказнасць перад людзьмі, калі палітыкі нясуць адказнасць перад выбаршчыкамі.

Я ўпэўнены, што ўскрытыя карыпцыйныя схемы ў ахове здароўя паводле маштабу не з'яўляюцца большымі за карупцыю у іншых сферах, яны нават меншыя за іншыя галіны народнай гаспадаркі, дзе чыноўнікі бескантрольна распараджаюцца народнымі грашыма. Пакуль няма дэмакратычнага кантролю за дзяржаўным апаратам — нават самыя мізэрныя бюджэтныя сродкі будуць успрымацца дзяржаўнымі чыноўнікамі не як сродкі падаткаплацельшчыкаў, за якія трэба несці адказнасць, а як "бюджэтны пірог", які трэба піліць з маўклівай згоды (альбо наўпроставым саўдзеле) вышэйшага начальства.

Не трэба маляваць з медыцыны самую кармпаваную сферу — узровень карупцыі ў ёй меншы проста ў сілу меншага памеру фінансавых сродкаў, якія ў ёй абарачаюцца.

Жыльлёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, сельская гаспадарка, імпарт і экспарт, ды любая сфера, дзе ёсць сістэма дзяржзакупак, дачы дзяржаўных дазволаў на нейкую дзейнасць, сістэма дзяржаўнага кантролю альбо ліцэнзаванне — па ўсіх гэтых галінах у Беларусі карупцыя развіваецца не з-за таго што нейкія людзі схільныя да яе, а з-за таго што самі гэтыя сферы іншым чынам працаваць не могуць.

Упэўнены, што сярод затрыманых лекараў ёсць выдатныя прафесіяналы, добрыя спецыялісты ў сваіх галінах. Але, на жаль, логіка кар'ернага росту спецыялістаў у медычнай галіне ў пэўны момант выводзіць чалавека на такі ўзровень, дзе прызначэнне на нейкую кіраўнічую пасаду аўтаматычна азначае ўбудаванне ва ўжо функцыянуючыя карупцыйныя схемы, па іншаму папросту немагчыма працаваць.

Таму ў гэтай антыкарупцыйнай кампаніі, якую ўжо празвалі ў народзе "справа галоўных лекараў" (па аналогіі з "делом врачей" ў сталінскія часы), палітычнае значэнне мае не колькасць затрыманых і не памер канфіскаваных у схованках грашовых сумаў. Палітычнае значэнне мае іншае пытанне: ці зменіцца ад гэтага сістэма дзяржаўнага рэгулявання, якая робіць для беларусаў недаступнымі якасныя замежныя лекі, шкодзіць якасці тых лекаў, што вырабляюцца ўнутры краіны, не дазваляе прыватнай медыцыне канкураваць з дзяржаўнай на роўных рынкавых умовах, робіць непазбежнымі тэндэры з зараннё вызначанымі пераможцамі і з загадзя вызначанымі памерамі "адкатаў" пры дзяржзакупках.

З практычнага пункту гледжання выкрыццё гэтых карупцыйных схемаў можа ўскосна паўплываць на тыя тэндэры, якія зараз праводзяцца для закупкі медычных прэпаратаў і абсталявання — яны могуць папросту "завіснуць", у тым ліку з-за перастрахоўкі ўдзельнікаў. Не выключаю, што з гэтай прычыны могуць паўстаць перабоі з пастаўкамі неабходных лекаў ці брак іншых медычных матэрыялаў.

Гучнае асвятленне ў дзяржаўных сродках прапаганды гэтай антыкарупцыйнай кампаніі менавіта супраць лекараў прымушае падазраваць, што ўлады хочуць зарабіць сабе яшчэ і палітычных балаў, выстаўляючы ўсё як сапраўдную барацьбу са злачыннасцю. У людзей ёсць шмат прэтэнзіяў да сістэмы аховы здароўя, у тым ліку абгрунтаваных і справядлівых. Але арыштамі лекараў гэтыя балючыя для людзей праблемы не вырашыш. Замест сапраўднай барацьбы з карупцыяй праз выкараненне чыннікаў, якія гэтую карупцыю абумоўліваюць, улады "змагаюцца" выключна з праявамі карупцыі, не кранаючы сутнасць сістэмы.

Партыя БНФ мае  канцэпцыю рэфармавання медычнай галіны, у тым ліку канцэпцыю укаранення страхавой медыцыны згодна з найлепшымі еўрапейскімі практыкамі. Але для яе рэалізацыі неабходна, каб палітычнае кіраўніцтва краіны складалася з адказных палітыкаў, а не з аматараў аўтарытарнай адзінаасобнай улады, якая не залежыць ад волі грамадзян і неабмежаваная прававымі рамкамі.

Паводле прэс-службы Партыі БНФ