Зміцер Паліенка: Штовечар павінен слухаць лекцыі ў міліцыі
Былы палітвязень Зміцер Паліенка, які выйшаў на волю 24 кастрычніка, распавёў сайту palitviazni.info, чым ён зараз займаецца і што ў планах.
“Зараз пішу лісты таварышам, якія таксама сталі ахвярамі рэжыма і зараз знаходзяцца за кратамі”, – кажа суразмоўца.
– Прайшоў больш за тыдзень, як знаходжуся на волі, і, шчыра скажу, гэтыя дні праходзілі досыць напружана, – кажа Зміцер Паліенка. – Пасля вызвалення аўтаматычна з’яўляецца мноства неадкладных спраў, якія трэба вырашыць: нейкія бытавыя рэчы, сустрэчы.
– Што ў бліжэйшых планах?
– Спачатку трэба вырашыць усе тыя праблемы, што маюцца. Вырашыць пытанне наконт уліку ў РУУС, нейкім чынам вызначыцца з працай. Натуральна, буду працягваць і пэўную грамадскую дзейнасць. Зараз таксама пішу лісты таварышам, якія сталі ахвярамі рэжыма і зараз знаходзяцца за кратамі. Калі і не даб’емся вызвалення, то будзем іх максімальна падтрымліваць.
– Працу складана знайсці?
– Як ужо казаў, займаюся гэтым пытаннем. Хацелася б, каб праца не займала шмат часу, і каб на ёй не было праблем з-за маёй грамадскай дзейнасці.
– А з міліцыяй праблем зараз ужо няма?
– Скажам так, далёка ад сябе яны мяне не адпускаюць. Нагляд мне даць яны не могуць, затое прыдумалі ноу-хау! Пакуль я афіцыйна не знайду працу, абавязаны штодзень (акрамя выходных і панядзелка) хадзіць у РУУС Заводскага раёна і з 17.00 да 18.00 слухаць лекцыі аб працаўладкаванні.
Калі не з’яўлюся на лекцыю – складуць пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі). Апраўданне накшталт таго, што патрэбна схадзіць, напрыклад, у паліклініку альбо з кім-небудзь сустрэцца, не пройдуць. Асабіста я расцэньваю гэта, як кантроль і пераслед мяне з боку праваахоўнікаў.
Паводле spring96.org