«Зінгман будзе ратаваць у першую чаргу сябе»
Ці можа затрыманы ў Конга бізнесовец абмяняць інфармацыю аб узаемадзеянні з беларускімі ўладамі на імунітэт ад пераследу?
Экспертка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыя Васілевіч пракаментавала гучнае затрыманне ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі, які стасаваўся з Лукашэнкам і меў дачыненне да гандлю зброяй.
— Затрыманне Зінгмана ў Конга — гэта вельмі дрэнны званок беларускаму бюджэту — цытуе Васілевіч «Салідарнасць».
На заўвагу, што патокі з Афрыкі непасрэдна ў бюджэт не траплялі, эксперт патлумачыла:
— Затое ў бюджэт траплялі іншыя сродкі, якія не патрэбныя былі ў тым, другім, «бюджэце», пра які зусім нядаўна згадваў вярхоўны аўтаматчык і галоўнакамандуючы АМАПа. Таму, як толькі ён перастане напаўняцца сродкамі ад гандлю зброяй, за што адказваў непасрэдна спадар Зінгман, туды адразу пачнуць перацякаць сродкі з агульнай касы, гэта значыць з нашага беларускага бюджэту.
Эканамістка звяртае ўвагу на непразрыстасць бюджэтных выдаткаў.
— Сродкі бюджэтныя трацяцца не заўсёды кантралявана, яны часам знікаюць, і мінусы дэфіцыту ўзнікаюць проста на раз. Мы гэта бачым. Напрыклад, 1,6 млрд прыклеілі проста з неадкуль. Ужо звярстаны страшна дэфіцытны на 4 млрд бюджэт прырос яшчэ на 1,6 млрд дэфіцыту! І я думаю, гэта не апошні прырост. І да канца года мы выйдзем з больш гнятлівымі лічбамі выканання бюджэту.
Так што арышт спадара Зінгмана — гэта вельмі дрэнны званок фінансаваму складніку ўсіх беларусаў. Але самы галоўны званок, вядома, празвінеў у офісе Лукашэнкі. У якім бы залатым палацы ў які бы залаты тэлефон не тэлефанавалі, ён занадта небяспечны, — лічыць Вікторыя. Васілевіч.
На пытанне, ці можа Зінгман абмяняць інфармацыю, якой валодае ў дачыненні да беларускіх уладаў, на імунітэт ад пераследу, экспертка адзначыла:
— Безумоўна, паказальна месца арышту — Афрыка. І, мяркуючы па відэа затрымання, супраціў Зінгман аказваў, разумеючы, чым ён рызыкуе. Таму трэба паназіраць за развіццём падзей. Але я разумею, што гэты чалавек будзе ратаваць у першую чаргу сябе і свой бізнес, а ніяк не думаць пра іншых. Але ў любым выпадку гэта вельмі дрэнны званок. Схема, адбудаваная дзесяцігоддзямі, бурыцца. Думаю, вельмі нахілілася тут гэтая лодка.