ЗБС прымае заяўкі на стыпендыю імя Аркадзя Смоліча
У вас ёсць уласны культурніцкі, сацыяльны ці грамадскі праект альбо ініцыятыва? Вы робіце Беларусь лепшай? Тады вы можаце прэтэндаваць на падтрымку ад Задзіночання беларускіх студэнтаў.
Стыпендыя імя Аркадзя Смоліча выдаецца студэнтам і студэнткам беларускіх вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Крытэры для добрай заяўкі:
— кіраванне важнай для Беларусі грамадскай ініцыятывай або праектам;— у ініцыятывы ёсць дакладныя планы на 2019 год;— заяўнік/заяўніца навучаецца ў беларускай ВНУ або ССНУ.
Стыпендыяльны фонд на 2019 год – 1200 BYN. Пераможца будзе атрымліваць штомесячную стыпендыю ў 100BYN напрацягу ўсяго года.
Падаць заяўку можна на сайце стыпендыі да 16 снежня.
Стыпендыя імя Аркадзя Смоліча — першая грамадская стыпендыя ў Беларусі. З 2015 года былі падтрыманыя такія вядомыя праекты, як «Валанцёрскі лагер па аднаўленні Любчанскага замка», навукова-папулярны лекторый «Курылка Гутэнберга» і інш. Стыпендыя з’яўляецца грамадскім прызнаннем удзелу моладзі ў пабудове лепшай Беларусі.
Аркадзь Смоліч – выбітны беларускі грамадска-палітычны дзеяч, асветнік і навуковец, адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, Народны сакратар асветы БНР, пачынальнік Таварыства беларускай школы. Прафесар і загадчык кафедры геаграфіі БДУ, член Прэзідыума Беларускай Акадэміі Навук.
Паводле інфармацыі арганізатараў