Заўтра праваабаронцам могуць прысудзіць больш за 10 гадоў турмы за законную дзейнасць
Заўтра, 3 сакавіка, зачытаюць прысуд праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Дзмітрыю Салаўёву (яго судзяць завочна)
3 сакавіка ў 12.00 у судзе Ленінскага раёна Мінска будзе агучаны прысуд праваабаронцам «Вясны»: лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і кіраўніку арганізацыі Алесю Бяляцкаму, яго намесніку і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу, а таксама Дзмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна. Пракурор запрасіў ім ад 9 да 12 гадоў пазбаўлення волі нібыта за фінансаванне пратэстаў падчас выбарчай кампаніі прэзідэнта 2020 года і кантрабанду арганізаванай групай у перыяд 2016-2021 гадоў.
Абвяшчэнне прысуду павінна быць адкрытым, на яго можна прыйсці па адрасе: горад Мінск, вул. Сямашкі, 33. Праваабаронцы нагадваюць, што неабходна ўзяць з сабой пашпарт і памятаць пра асабістую бяспеку.
21 міжнародная праваабарончая арганізацыя напярэдадні вынясення прысуду выступіла з адмысловай супольнай заявай.
Чакаецца, што заўтра Ленінскі раённы суд Мінска вынесе свой вердыкт па справе лідараў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Напярэдадні вынясення прысуду міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі заяву, паўтараюць свае заклікі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні.
3 сакавіка 2023 года суд Ленінскага раёна Мінска вынесе рашэнне па палітычна матываванай справе супраць кіраўніка «Вясны» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і юрыста «Вясны» Уладзіміра Лабковіча. Пасля больш чым месяца несправядлівага судовага разбіральніцтва і больш чым паўтара года адвольнага ўтрымання пад вартай надзея на правасуддзе невялікая.
9 лютага 2023 года пракурор Аляксандр Караль папрасіў суд асудзіць Алеся Бяляцкага да 12 гадоў пазбаўлення волі, Валянціна Стэфановіча — да 11 гадоў і Уладзіміра Лабковіча — да 9 гадоў. Дзмітрыю Салаўёву, яшчэ аднаму сябру «Вясны» і абвінавачанаму па гэтай справе, якога судзяць завочна, пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі. Пракурор таксама запатрабаваў накласці штраф у памеры 185 000 беларускіх рублёў (прыблізна 68 000 еўра) на кожнага з абвінавачаных.
Ва ўмовах беззаконня ўлады разыгрываюць пародыю на правасуддзе супраць праваабаронцаў
«Пазіцыя пракуратуры па справе нашых сяброў і калег з'яўляецца ўвасабленнем усёдазволенасці беларускіх улад. Драконаўскія тэрміны турэмнага зняволення і штрафы нават па жахлівых стандартах глыбока скампраметаванай беларускай судовай сістэмы з'яўляюцца цяжкім выпрабаваннем для абвінавачаных і іх сем'яў, — кажа Павел Сапелка, выконваючы абавязкі члена праўлення «Вясны». — Гэтыя ганебныя рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да праваабаронцаў патрабуюць рашучых дзеянняў з боку ключавых міжнародных суб'ектаў».
Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч былі адвольна затрыманыя 14 ліпеня 2021 года ў межах больш шырокіх рэпрэсій супраць беларускай грамадзянскай супольнасці пасля аспрэчвання прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў жніўні 2020 года. Першапачаткова яны ўтрымліваліся пад вартай на працягу 14 месяцаў па ілжывых абвінавачваннях ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі), але цяпер яны паўстаюць перад судом па сфабрыкаваных абвінавачваннях у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК). Гэтыя новыя абвінавачванні былі выстаўлены супраць іх толькі ў верасні 2022 года, што пакінула праваабаронцам і іх адвакатам мала часу для падрыхтоўкі новай стратэгіі абароны.
Чакаецца, што «вясноўцы» правядуць больш за 10 гадоў у турме ў якасці адплаты за законную праваабарончую дзейнасць
Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч пераследуюцца ў адплату за правядзенне законнай праваабарончай дзейнасці. Пракуратура прызнала незаконнай такую дзейнасць, як аказанне дапамогі адвольна затрыманым удзельнікам мірных пратэстаў, аплата паслуг адвакатаў, арганізацыя незалежнага маніторынгу выбараў і працяг дзейнасці «Вясны» пасля яе афіцыйнай ліквідацыі.
Судовы працэс над Бяляцкім, Стэфановічам і Лабковічам, а таксама папярэдні перыяд расследавання суправаджаліся шматлікімі парушэннямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага судовага разбору: у зале суда трое палітзняволеных былі закуты ў кайданкі і ўтрымліваліся ў клетцы; матэрыялы справы і слуханні вяліся на рускай мове, у той час як першай мовай «вясноўцаў», на якой яны размаўляюць, з'яўляецца беларуская; праваабаронцам не было прадастаўлена дастаткова часу для азнаямлення з усімі матэрыяламі справы; у залу суда не былі дапушчаны ні незалежныя СМІ, ні незалежныя назіральнікі.
Арганізацыі, якія падпісалі дакумент, яшчэ раз рашуча асуджаюць крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча і паўтараюць свой заклік да беларускіх улад вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зняць з іх усе абвінавачванні і спыніць судовы пераслед усіх праваабаронцаў у краіне.