295 гадоў калоніі. У лютым паводле крымінальных артыкулаў рэпрэсавана не менш за 72 чалавекі

Праваабаронцы апублікавалі справаздачу аб палітычным пераследзе беларусаў у лютым. Спойлер: рэпрэсіі і блізка не сціхаюць.

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by

Праваабаронцы «В*сны» ў лютым фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян паводле палітычных матываў. Стала вядома не менш як пра 72 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, сярод іх 60 мужчын і 12 жанчын.

У дачыненні да аднаго чалавека вынесены абвінаваўчы прысуд у парадку завочнай вытворчасці. На працягу лютага аднаму асуджанаму апеляцыйная інстанцыя змяніла прысуд у бок узмацнення жорсткасці пакарання. У дачыненні да чатырох асуджаных тэрміны зняволення знізілі кожнаму на тры месяцы.

Сумарна, паводле вядомых праваабаронцам спраў, у лютым суды вынеслі:

295 гадоў пазбаўлення волі ў дачыненні да 43 чалавек;

4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія») у дачыненні да 2 чалавек;

54 гады і 3 месяцы абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненні да 22 чалавек;

9 месяцаў арышту для 3 чалавек;

800 базавых велічынь штрафу на суму 29 600 рублёў у якасці асноўнага пакарання для 2 чалавек;

3 460 базавых велічынь штрафу на суму 128 020 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 17 чалавек разам з пазбаўленнем волі;

пазбаўленне спецыяльных званняў падпалкоўніка і прапаршчыка міліцыі ў якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 2 чалавек разам з пазбаўленнем волі.

Паводле вядомых праваабаронцам прысудаў, у лютым суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 59,7% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 2,8% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 30,5% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт суды ўжывалі ў 4,2% выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычных спраў. Штраф суды ўжывалі ў 2,8% выпадкаў крымінальнага асуджэння грамадзян.

Такім чынам, у лютым пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» і арышту, суды ўжывалі ў 97,2% выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.