Затрыманы сябар Каардынацыйнай рады Дзяніс Гота

Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Дзяніс Гота затрыманы ў Мінску на нядзельнай акцыі пратэсту, паведамляе са спасылкай на інфармацыю прэс-службы КР interfax.by.



Дзяніс Гота. Фота by.utro.news

Дзяніс Гота. Фота by.utro.news

"Сёння быў затрыманы сябар асноўнага складу Каардынацыйнай рады Дзяніс Гота", — паведаміў журналістам прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў у нядзелю, 1 лістапада.

Антон Раднянкоў удакладніў, што гэта адбылося ў раёне вуліцы Валгаградскай, і дадаў, што цяпер Гота знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС.

Прыхільнікі экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай стварылі Каардынацыйную раду 18 жніўня з мэтай транзіту прэзідэнцкай улады ў краіне шляхам правядзення новых выбараў. У асноўны склад КР уваходзяць каля 50 чалавек.

У прэзідыум КР увайшлі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, міжнародны медыятар Лілія Уласава, прадстаўнік стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, экс-дырэктар Купалаўскага тэатра і экс-дыпламат Павел Латушка. Цяпер усе яны альбо знаходзяцца за мяжой, альбо затрыманыя.