Затрымалі скульптара Гэніка Лойку. Ён у Заводскім РУУС

1 лістапада на маршы каля метро Маскоўская затрымалі вядомага беларускага скульптара Гэніка Лойку, аўтара помніка Тадэвушу Касцюшку ў Косава. Зараз Лойка знаходзіцца ў Завадскім РУУС.

1_342_logo.jpg


Гэнік Лойка вядомы не толькі як скульптар, але і як абаронца беларускай мовы, а ў мінулым – актыўны ўдзельнік аб’яднання «Беларуская Майстроўня», таварыства «Талака». Не аднойчы выступаў з пікетамі ў абарону беларускай мовы, у тым ліку каля сталічнай беларускамоўнай гімназіі № 4, якую ў апошні час шмат абмяркоўваюць.
Добра яго ведаюць і на раёне (Дамброўка-3), дзе ён жыве — бел-чырвона-белую стужку з галавы ён фактычна ніколі не здымае, ён і ўся яго сям’я выключна беларускамоўныя. А 5 гадоў таму ён, разам са сваімі дзецьмі і суседзямі вырабіў у двары свайго дома вялізную снежную скульптуру – галаву князя з бел-чырвона-белым сцягам. Часам са сцягам можна бачыць і яго самога, калі вяртаецца з якога мерапрыемства.
Вось і 1 лістапада ён быў на Маршы са сцягам і са сваёй знакамітай б-ч-б стужкай, без якой яго ўжо не магчыма ўявіць. Як вядома, калона мірных пратэстоўцаў сёння рушыла на Курапаты, а два гады таму Гэнік Лойка прадставіў альтэрнатыўны помнік для Курапатаў. А сёння па дарозе на Курапаты Гэніка Лойку затрымалі каля метро Маскоўская. Вядома, што зараз ён знаходзіцца ў Завадскім РУУС. Чакаем яго вызвалення і выказваем яго сям’і падтрымку.