«Застаюся ў Беларусі». З ІЧУ нечакана вызвалілі гомельскага праваабаронцу Васіля Палякова
Пасля сямі дзён у ізалятары часовага ўтрымання палітык і праваабаронца Васіль Палякоў выйшаў на свабоду. Яго затрымалі 8 ліпеня, падазравалі паводле часткі 2 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу як «саўдзельніка ў тэрарызме», піша «Свабода».
Васіля Палякова выпусцілі без прад’яўлення абвінавачання.
«Мяне затрымалі ў мінулы чацвер. Спачатку прайшоў вобшук.
Яго праводзілі супрацоўнікі Савецкага РАУС, але па патрабаванні следчага КДБ
Баравіка. Потым мяне завезлі на допыт у КДБ як сведку. Потым следчы КДБ
сказаў: «Ведаеце, мы вас арыштуем як падазраванага» — пасадзілі ў
аўтазак і завезлі ў ІЧУ. Пытаўся следчы пра планаваны тэракт у Вілейцы, ці
ведаю я тых людзей, якія яго меркавалі ўчыніць — я першы раз чую тыя
прозвішчы», — распавёў Васіль Палякоў.
Умовы, у якіх ён утрымліваўся ў ІЧУ, праваабаронца называе
катаваннем. Яму не далі матрац, бялізну, не дазвалялі ляжаць днём, будзілі
сярод ночы на «праверку». «Са мной сядзелі крымінальнікі — яны мелі і бялізну,
і матрац, маглі і спаць, і што хацелі рабілі. Ноччу я не мог спаць, а днём мне
не дазвалялі нават галаву пакласці на стол. Я казаў канваірам, што гэта —
катаванні, і яны за іх адкажуць, бо ніхто не будзе шукаць таго чалавека, які
даў ім такую інструкцыю. Яны толькі адказвалі, што маюць загад зверху», —
дадаў Палякоў.
Сёння каля 18.00 яго раптам выпусцілі. Далі пастанову
следчага, што «адпала неабходнасць трымаць пад вартай».
«Я нікуды не з'еду, я застаюся ў Беларусі. Па такому артыкулу, як мяне, маглі ўзяць мільёны беларусаў. Першая мэта майго затрымання — зачыстка трэцяга сектару, другая — акт застрашвання», — зазначыў ён.