Заскокваем у апошні вагон: топ-8 падарункаў беларусачцы
За вакном 7 сакавіка, урад бескампрамісна назваў 8 сакавіка Днём жанчын — значыць, самы час бегчы па крамах. Якой бы феміністкай не была твая дзяўчына, і не казала, што яна супраць гэтых гендэрных святаў, павер: у глыбыні душы яна чакае ад цябе падарункаў. Ну, а хто не любіць падарункі, ці яны з нейкай нагоды, ці проста так?
Каб палегчыць табе задачу, мы падабралі топ-8 падарункаў. Але толькі беларусачцы падуладна разгадаць іх сапраўдны патаемны мэсэдж. Пагналі!
Паланцін з вышыўкай жука-аленя
Таго самога, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Такі скарб можна набыць у знакамітых берасцейскіх дызайнераў, якія ствараюць беларускія шэдэўры пад лозунгам «Аўтэнтычнае можа быць сучасным!» Хоць ужо на вуліцы пачалася капель, а на выходных у Берасце перадаюць да +15, мы абяцаем, што такая рэч ніколі не заваляецца ў шафе беларускай дзяўчыны. Тым больш, што Гідраметэацэнтр, які любіць пабалавацца з прагнозамі, гэта пацвердзіць.
Правільны світшот з масс-маркета
Гэта не прывід: побач з дызайнерскай рэччу мы паставілі масс-маркет. Але ключавымі словамі тут з’яўляюцца «правільны світшот» і «патаемны мэсэдж». Звычайныя дзяўчыны будуць бачыць у ім модную рэч з Mango, а твая дзяўчына ганарліва будзе насіць на грудзі нацыянальныя колеры Беларусі. Тым больш, што набліжаецца вялікая нагода засвяціцца ў такой вопратцы.
Смачнюшкі — у любой сітуацыі бяспройгрышны варыянт, а беларускія смачнюшкі — самы выйгрышны
Можна не замарочвацца і набыць глыбоцкія журавіны ў цукры, якія свецяцца ледзь не ў кожнай беларускай падборцы. Але ў апошні час у свеце смачнюшак беларускіх вытворцаў з’яўляецца столькі навінак, якія падаюцца па ўсіх канонах патрыятычнасці (арнаменты, беларуская мова, выявы беларускіх славутасцей), што злачынствам будзе гэтым нахабна не скарыстацца.
Квіток на музычны open-air
Цяплее, а значыць, ужо пачынаецца продаж квіткоў на фестывальны сезон. А з такой колькасцю фэстаў, якія штогод праходзяць у Беларусі, твая дзяўчына дакладна прымусіць цябе рвануць хоць на адзін з іх. Ты толькі ўспомні драйвовы «Рок за бобров» з Brutto і Naviband ці Lidbeer з Крамбабуляй! Дык чаму не сумясціць карыснае з прыемным і не набыць квіток па зніжаным кошце ўжо цяпер?
Квіток на аўтобус у раёны гарадок
Гэты пункт можа спакойна пазмагацца з папярэднім на першае месца «лепшых падарункаў беларусачцы». Гэта можа быць нават квіток дадому, і ў дадзеным выпадку ён не будзе расцэнены як спроба «зліцца» на вялікія выходныя. У свеце апошніх падзей, для многіх дзяўчын, напрыклад, случчанак, гэта будзе завоблачным падарункам са свету немагчымага. Але не ўсё так проста: табе прыйдзецца спачатку па-варажскі адбіць яго на Цэнтральным аўтавакзале.
Ільнаная торба
Калі твая дзяўчына клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, стане зялёнай планеты і яшчэ шматлікіх зялёных штуках, якія цяпер модныя ў экалагічнай галіне, то ты трапіш у самае сэрца. З такой рэччу яна будзе прагульвацца кожны дзень да крамы, а адпаведна пры гэтым успамінаць твой шчыры жэст.
Кніга, кніга і яшчэ раз кніга
Тут і: «самы лепшы падарунак — кніга!», і рэальная магчымасць зэканоміць. Калі добранька пашчыраваць ў дзяржаўных кніжных крамах, то ты адкрыеш для сябе іншы свет, дзе многія беларускія кнігі раздаюцца амаль за бясплатна. Напрыклад, гэты зборнік з вершамі Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Лявона Баршчэўскага, Андрэя Хадановіча і інш. мы набылі ўсяго за тры (!)рублі! За такія ўловы ў вачах сваёй дзяўчыны ты паўстанеш сапраўдным паляўнічым, не прыносячы ў ахвяру ніводнай жывой істоты!
Шкарпэткі
Мы сур’ёзна шчыра не разумеем, чаму людзі паставілі на шкарпэтках як на падарунку вялікі крыж! Цяпер беларускія вытворцы такое вытвараюць са шкарпэткамі, што за галаву хапаешся. Так, мы зараз пра арнаменты. Але, калі адкінуць усю іронію, мы ўсё ж такі прызнаем, што дзяўчына ў шкарпэтачках з арнаментам становіцца на некалькі адсоткаў прыгажэйшай, чым у звычайных. Таму некалькі параў шкарпэтачак дакладна выклікаюць ў тваёй дзяўчыны ўсмешку — матай на вус.
А насамрэч, калі гэта сапраўдная беларусачка, сарамлівая і пачуццёвая, то яна будзе рада любой тваёй увазе (Не. Нездарма ж мы гэты спіс складалі!). Дзей!