У «Ашмянскіх электрасетках» масавыя звальненні за «палітыку»

Праз два з паловай гады пасля пратэстаў «палітычныя» звальненні і не думаюць заканчвацца. 

Фота energo.grodno.by

Фота energo.grodno.by

Больш за дзясятак супрацоўнікаў «Ашмянскіх электрычных сетак» (філіяла «Гроднаэнерга») працуюць апошні месяц і сыходзяць з 1 траўня. Пра гэта «Л*стэрку» распавялі некалькі не звязаных паміж сабой крыніц. У спісе на звальненне людзі з дзесяцігадовым стажам, мінімум адзін начальнік аддзела, інжынеры і не толькі.

Інфармацыя аб колькасці звальненняў у суразмоўцаў розная: ад 15 да 30 чалавек. Але ўсе кажуць, што на першым спісе сыход супрацоўнікаў не скончыцца. Паводле слоў суразмоўцаў, верагодна, запланавана звольніць больш за 50 чалавек.

— На гэты момант вядома пра блізу 20 людзей, якія дапрацоўваюць да 1 траўня. Некаторыя са стажам больш за 30 гадоў, — распавёў супрацоўнік прадпрыемства. — Прычына? З таго, што я ведаю, усе гэтыя людзі ўдзельнічалі ў той ці іншай ступені ў мітынгах 2020 года. Але візітаў органаў да нас яшчэ не было. Кажуць, проста прыйшла папера са спісам на звальненне, адкуль менавіта, не ведаю.

Яшчэ адна чытачка выдання, добра знаёмая з сітуацыяй на прадпрыемстве, распавядае, што ў спісах на звальненне многія — рэдкія спецыялісты, якіх будзе складана замяніць. Паводле наяўнай інфармацыі, з прадпрыемства сыдзе начальнік аднаго з аддзелаў, кіраўнік лабараторыі, бухгалтар, а таксама шэраг інжынераў.

— Цяпер звальняюць не толькі тых, хто быў актыўны і хадзіў на пратэсты. Напрыклад, адна жанчына лайкнула матэрыял пра ковід у красавіку 2020 года на адным з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, — распавядае суразмоўца. — Іншаму супрацоўніку, які займаецца арганізацыяй святаў у калектыве, сказалі: «Ты правядзеш мерапрыемства ў верасні, тады мы цябе звольнім». Але дзяўчыну, якая выйшла на мітынгі, пакуль не звольнілі. Яна думае, што будзе ў наступным спісе.

На самім прадпрыемстве «Ашмянскія электрасеткі» верагодныя будучыя звальненні выданню пракаментаваў дырэктар філіяла Ігар Удалы. Выйшла вельмі коратка.

— Нам паведамілі, што на прадпрыемстве «Ашмянскія электрычныя сеткі» масавыя звальненні, шэраг супрацоўнікаў працуе толькі да 1 траўня. Вы маглі б пракаментаваць, ці так гэта, ці сапраўды звальняюць людзей?

— Не, гэта не так.

— Гэта значыць, спіса з дзясяткаў людзей, якіх нібыта звальняюць з палітычных матываў, і ў якім у тым ліку начальнік аддзела, няма? І людзі не сыходзяць?

— Я вам адказаў, усё.

Пасля ўдакладняючага пытання «Значыць, усе супрацоўнікі працягнуць працаваць?» ён кінуў слухаўку.