Заява БХД: Спыніць катаванне Васьковіча!

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прыняла заяву з прычыны цяжкіх умоваў, у якіх утрымліваецца палітвязень, сябар аргкамітэту БХД Яўген Васьковіч.



jaugen_vaskovich.jpg

"На Васьковіча Яўгена Сяргеевіча, асуджанага да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, аказваецца моцны ціск з боку кіраўніцтва турмы № 4 у Магілёве. З кастрычніка 2011 года па студзень 2014 года Яўген Васьковіч правёў 247 сутак у ШІЗА. Апошнія 10 сутак ён атрымаў 27 снежня 2013 года і сустрэў Новы год у ШІЗА.
Крытычна і непрымальна, што пры росце 186 сантыметраў і вазе 65 кілаграмаў, Яўгена змяшчаюць у ШІЗА на 10-15 дзён кожны месяц. Гэта можна параўнаць з умовамі ўтрымання вязняў савецкага ГУЛАГу ці фашысцкіх канцлагераў.
Таксама нерэгулярна і выбарачна даходзяць лісты і бандэролі як да Яўгена Васьковіча, так і ад яго.
Мы лічым што тое, што зараз адбываецца з Яўгенам Васьковічам, з’яўляецца вельмі крытычнай і недапушчальнай сітуацыяй. Патрабуем ад УДВП МУС РБ па Магілёўскай вобласці, Дэпартаменту выканання пакаранняў РБ і Пракуратуры Магілёўскай вобласці правесці праверку законнасці такіх дзеянняў і прыняць меры ў дачыненні да кіраўніцтва турмы № 4 горада Магілёва з мэтай спынення здзекаў і катавання Васьковіча Яўгена Сяргеевіча.
Аргкамітэт БХД таксама распачынае кампанію салідарнасці з Яўгенам Васьковічам з мэтай спыніць здзекі з палітвязня. Аргкамітэт заклікае грамадзян Беларусі праявіць салідарнасць з Яўгенам Васьковічам і дасылаць лісты з патрабаваннем спыніць ціск на палітвязня УДВП МУС РБ па Магілёўскай вобласці, Дэпартамент выканання пакаранняў РБ і Пракуратуру Магілёўскай вобласці".
Спампаваць заяву.