«Захоўваем інтрыгу». У «B*POL» патлумачылі, чаму не апублікавалі відэа з момантам дыверсіі ў Мачулішчах
У чацвер днём, 2 сакавіка, ініцыятыва «B*POL» падзялілася з журналістамі відэазапісам, на якім дроны праводзілі разведку над аэрадромам у Мачулішчах. Чаканага моманту атакі на расійскі самалёт А-50 на ім не было. «Л*стэрка» спытала ў кіраўніка ініцыятывы былых сілавікоў Аляксандра Азарава, ці ёсць у іх доказы дыверсіі.
Фота: «Ваяр»
— Відэа, якое апублікаваў «B*POL», — гэта відэа выведкі, а не самога моманту дыверсіі. Узнікае пытанне, ці ёсць у вас доказ таго, што выбухі былі? Ці ёсць відэа гэтага моманту і фота ці відэа наступстваў? Калі так, то чаму вы іх не апублікавалі?
— Мы пакуль захоўваем інтрыгу. І на гэта пытанне ёсць у нас адказ: усяму свой час.
— Але чаму?
— Таму што. Так мы вырашылі. Тое, што там [у Мачулішчах] нешта
было, гэта відаць з першых самых дзён. Нават калі б мы не заяўлялі. Узмацненне
на мяжы, узброеныя патрулі, чулі выбухі — самыя першыя былі паведамленні ад
людзей, якія ў Мачулішчах жывуць.
Потым вось вам відэа, што там дроны лёталі, садзіліся на дах
[самалёта]. І няма ніякай аховы. Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ нічога не
каментавалі тры дні цэлыя — гэта само за сябе кажа. Праводзілі пасяджэнні
сілавікоў у панядзелак. Лукашэнка ўсіх збіраў і крычаў, што трэба навесці «жэстачайшую» дысцыпліну.
А расійскія тэлеграм-каналы ваенныя далі, па-мойму, у
аўторак інфармацыю, што там выбухі зрабілі дроны. Расійцы першыя пра гэта паведамілі.
Таксама яны [сілавікі] шукаюць чалавека за асабліва цяжкае
злачынства ў Мачулішчах, размешчанае фота. Паводле аператыўных зводак, пра
якія нам паведамілі знутры, знайшлі сумку з двума пультамі ад двух дронаў,
акулярамі і запчасткамі ад дронаў. Усё Міністэрства ўнутраных спраў ведае, што быў
падрыў на самалёце, і шукае тых, хто гэта здзейсніў. Усё міністэрства на вушах.
— Гэта вам стала вядома ад крыніц унутры міністэрства?
— Так, я тэлефанаваў тым, хто яшчэ служыць. Яны сказалі, што
ўсе ведаюць, што там быў падрыў. І ўсе кажуць: што за разгільдзяйства, як такое
маглі дапусціць!
— Але сёння па дзяржТБ паказалі, што самалёт узляцеў і ляціць…
— Да пытання, як ён ляціць. Падрывы былі гэтай «талеркі» (абцякальнік РЛС — тая самая «талерка» зверху самалёта. — заўв. рэд.) і,
па-мойму, у пярэдняй частцы самалёта. Чаму самалёт можа ляцець? Крылы, дзе паліва знаходзіцца, ніхто не падрываў і не чапаў, рухавікі — таксама на крылах.
І іх таксама не чапалі. Гэта значыць, іх завесці можна.
Я думаю, што яны тры дні маўчалі і нічога не паказвалі, бо
тры дні, напэўна, чынілі абсталяванне, каб ён мог узляцець. І вось на чацвёрты
дзень ён узляцеў. І як паведаміў Матолька,
паляцеў у Таганрог на авіязавод для рамонту.
— Тут інфармацыя ёсць з двух бакоў. З аднаго боку, дзяржСМІ
заявілі, што самалёт узляцеў для баявога дзяжурства і абляцеў межы Беларусі. З
іншага, тэлеграм-канал «Б*ларускі Гаюн» кажа, што самалёт пакінуў
паветраную прастору Беларусі.
— Дык мы каму верым, сваім ці чужым?
— Калі б можна было адсачыць шлях самалёта па праграмах тыпу
«Flightradar24», то мы б маглі праверыць гэтую інфармацыю самастойна і не стаяла
б пытанне веры. Але А-50 не фіксуецца ў падобных сэрвісах, таму
застаецца супярэчнасць.
— Тут у Матолькі трэба будзе ўдакладняць. Магчыма, ён
апублікуе інфармацыю аб прызямленні. Я дакладна не ведаю, як ён гэта адсочвае.
— У паведамленні «B*POL» аб падрабязнасцях дыверсіі была
фраза, што самалёт «ужо дакладна нікуды не паляціць». А ён узлятае.
— Мы ж не бачылі на свае вочы, не стаялі і не маглі
праверыць яго пашкоджанні. Я, вядома, спадзяваўся, што ён не ўзляціць, але
бачыце…
— Вы дапускаеце, што вас маглі падмануць?
— Не, не дапускаю. Ні ў якім разе не дапускаю.
— Як вы правяралі гэтую інфармацыю? Даведваліся ў работнікаў
аэрадрома, напрыклад?
— Мы працуем з людзьмі. Але пра гэта мы нічога казаць не
будзем.
— Калі ў такім выпадку чакаць відэа з момантам дыверсіі?
— Ну вось калі будзе, тады пабачыце. Сэнс дыверсіі быў у пашкоджанні абсталявання, а не самалёта ў цэлым, каб ён не мог узляцець. Гэты
самалёт вельмі вялікі: каб яго пашкодзіць, трэба, я не ведаю, з мінамёта або
гарматы страляць. А маленькія дроны, якія прадаюцца ў крамах, не могуць яго
моцна пашкодзіць.