Захоп жыццёвай прасторы. Найважнейшае за 12 верасня
У той час, як улада працягвае праводзіць нарады і думае, як утаймаваць няскорлівы народ, людзі адваёўваюць сваю жыццёвую прастору. Сапраўды, чаму нехта іншы, а не яны самі, вырашае, як будзе выглядаць двор, у якім яны жывуць?
![img_2436_2_logo_1.jpg img_2436_2_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_2436_2_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Канешне, падзеяй дня стаў новы Жаночы марш, у якім прыняло ўдзел да 10 тысяч чалавек. Жанчыны зноў гулялі ў даганялкі з АМАПам, з’яўляючыся там, дзе іх не чакалі. Гэта зноў было прыгожа, крэатыўна і відовішчна.
![img_2247_logo_1.jpg img_2247_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_2247_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Улада абвясціла 12 верасня чарговым суботнікам. Але, калі сышлі камунальнікі, на іх месца прыйшлі сапраўдныя ўдзельнікі суботнікаў. Яны не толькі «дапрыбіралі» за тымі, хто «адбываў павіннасць», але і стварылі сваю вулічную прастору.
У Мінску з’явілася плошча Марыі Калеснікавай і сквер імя Ніны Багінскай. Прычым, гэтыя «суботнікі» праходзілі па ўсёй краіне.
![photo_2020_09_12_11_21_14_1.jpg photo_2020_09_12_11_21_14_1.jpg](/img/v1/images/photo_2020_09_12_11_21_14_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![c611c3a7_9a1d_44f7_8484_b54c558e08ad.jpg c611c3a7_9a1d_44f7_8484_b54c558e08ad.jpg](/img/v1/images/c611c3a7_9a1d_44f7_8484_b54c558e08ad.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Платформа «Голас» дадала новыя функцыі да ініцыятывы «Я гуляю». Ужо ў гэтую нядзелю, 13 верасня, можна будзе яшчэ дакладней палічыць тых, хто ўдзельнічае ў вулічных маршах. А таксама ўбачыць іх размеркаванне па гарадах Беларусі.
Але працягваецца і сур’ёзнае змаганне. Стачачны камітэт «Беларуськалія» абвясціў бестэрміновую стачку. Гэта стала адказам на рашэнне суда, які праігнараваў ратыфікаваныя Беларусі міжнародныя дакументы, што дазваляюць рабочым страйкаваць.
І гэта будзе сур’ёзным ударам па ўладзе, якая і без таго адчувае сур’ёзны недахоп грошай, бо за паўтары месяцы беларусы вывелі з банкаў каля двух мільярдаў (!) долараў.