З верасня грамадзяне не могуць дабіцца прыёму ў Андрэя Кабякова

Галава Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў ў чацвёрты раз не пажадаў  сустрэцца з прадстаўнікамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.  



tamara_siarhiej_dlia_presy_1.jpg

Юрыст Тамара Сяргей. Фота Марата Гаравога

Пра гэта карэспандэнту НЧ паведаміла юрыстка Тамара Сяргей. Паводле яе слоў, 27  чэрвеня ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны прыехалі 15 прадстаўнікоў ініцыятывы, у асноўным жанчыны сталага веку. Яны сабраліся ў тамбуры прыёмнага пакою Адміністрацыі Прэзыдэнта, каб сустрэцца з Андрэям Кабяковым.

Як звычайна, актывісты ініцыятывы загадзя ў вызначаным законам парадку падалі калектыўную заяву ад 30 грамадзян на асабісты прыём да Кабякова дзеля таго, каб вырашыць праблему адпісак з органаў суду і пракуратуры на скаргі грамадзянаў. Аднак людзям нават не далі адказу на іх заяву. Вось чаму яны прыйшлі ў адміністрацыю згодна дзеючаму графіку прыёму грамадзян Андрэям Кабяковым.

Каля 10.00 супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта вывесіў аб’яву, згодна якой пачатак прыёму быў перанесены з 10.00 на 15.00. «Андрэй Кабякоў прымае грамадзян усяго толькі раз на квартал. Пры гэтым сістэматычна змяняецца дата ці час прыёму. І робіцца гэта ў апошні момант. Адзін гэты факт сведчыць пра непавагу да грамадзянаў», — падкрэсліла юрыстка.

У гэтай сітуацыі мы патэлефанавалі ў прыёмную галавы дзяржавы. «Паколькі нам адмовіліся дапамагчы, я звярнула ўвагу сакратаркі Прэзыдэнта на тое, што сістэматычнае ігнараванне праблем грамадзянаў можа прывесці Беларусь да сітуацыі, якая зараз мае месца ў Сірыі. У адказ я пачула: «Не малюйце мне футуралагічныя карцінкі». Пасля такой размовы мы зрабілі чарговы запіс ў Кнігу заўваг і прапановаў, Адмістрацыі прэзідэнта, дзе адзначылі, што паколькі Андрэй Кабякоў ігнаруе правы грамадзянаў, дзеля іх абароны мы вымушаныя будзем звяртацца ў міжнародныя структуры», — сказала Тамара Сяргей.