З праваабаронцаў — у прарэжымны манастыр. Гісторыя экс-палітвязня Андрэя Бандарэнкі

Андрэй Бандарэнка — у мінулым беларускі праваабаронца, сузаснавальнік арганізацыі «Платформа», якая дапамагала зняволеным. Аднак далейшы яго шлях склаўся вельмі нечакана.

Фота "Свабоды"

Фота "Свабоды"

Як паведамляе «Наша Ніва», некалі вядомы праваабаронца і палітвязень, Андрэй Бандарэнка шчыльна звязаны з кіраўніцтвам Свята-Елісавецінскага манастыра — адыёзнай установы, вядомай падтрымкай рэжыму Лукашэнкі і сумнеўнымі схемамі ў працы і гандлі.

Праваабаронца і знаёмы Бандарэнкі Міхаіл Жамчужны расказвае, што Андрэй прыйшоў у манастыр у другой палове 2010-х, пасля другога тэрміну за кратамі: «У яго былі фінансавыя праблемы, і ён не знайшоў іншай працы, акрамя манастырскай, тым больш што ён чалавек набожны».

Бандарэнка стаў працаваць у манастыры юрыстам, сышоў адтуль пасля канфлікту, але ў 2020-м вярнуўся, фактычна стаў правай рукой святара Андрэя Лемяшонка. Вясной таго года Бандарэнка ўзначаліў дабрачынны фонд «ДаПаможам». Заснавальнікам фонда стаў Свята-Елісавецінскі манастыр, арганізацыю зарэгістравалі па яго адрасе — Мінск, вуліца Выгоцкага, 6.

Тады ж, вясной 2020-га, у Бандарэнкі з'явілася новая цікаўнасць — ён вырашыў ствараць грамадскі рух супраць «ЛГБТ-прапаганды». Андрэй абвінаваціў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў тым, што яны дабіліся блакіроўкі яго паведамленняў у фэйсбуку, і паабяцаў публікаваць кантэнт, які пацвярджае «шкоду таго ладу жыцця, які прапагандуюць ЛГБТ».

Мяркуючы па сацсетках фонда Бандарэнкі, ён быў сканцэнтраваны на працы з манастыром. Напрыклад, фонд падтрымліваў прыватную школу «Іхвіс» і патранажную службу пры манастыры, дапамагаў ладзіць праваслаўны фестываль «Радасць» пад эгідай манастыра, збіраў гуманітарку для мужчынскага падворку і жаночага рэабілітацыйнага цэнтра.


Глядзіце таксама

Аднак доўга папрацаваць са Свята-Елісавецінскім не атрымалася — у 2022 годзе манастыр вырашыў ліквідаваць фонд. Па даных Жамчужнага, гэта здарылася таму, што Бандарэнка «стаў злоўжываць эканамічнай дзейнасцю ў фондзе».

Далей, кажа Жамчужны, Бандарэнка спрабаваў разам з ім дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій. Але ўрэшце былыя палітвязні разарвалі адносіны.

Бандарэнка трапіў у актывізм яшчэ ў нулявыя — ён, на той час прадпрымальнік і сябра АГП, удзельнічаў у парламенцкіх выбарах 2008 года. У 2010-м Андрэя асудзілі на 6 гадоў зняволення з канфіскацыяй. Аднак Бандарэнка здолеў праз суд даказаць сваю невінаватасць і выйсці на свабоду.

Недзе ў тыя часы і ўзнікла «Платформа» — арганізацыя для абароны правоў вязняў. У 2012-м «Платформу» ліквідавалі, а ў 2014-м Бандарэнка атрымаў новы тэрмін — тры гады за «хуліганскія дзеянні, спалучаныя з ужываннем фізічнай сілы». Праваабаронцы не хацелі прызнаваць яго вязнем сумлення ў другі раз, бо абставіны злачынства выглядалі бытавымі, а не палітычнымі.