З беларусамі, якія хаваюцца ў амбасадзе Швецыі, пагутарыў шведскі лекар
Бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія больш за год знаходзяцца на тэрыторыі шведскай амбасады, атрымалі кансультацыю ад лекара са Швецыі. Пра гэта Свабодзе расказаў Уладзіслаў.

Са шведскім лекарам яны размаўлялі праз відэасувязь.
«Ён параіў нам медыкаменты па нашых сімптомах і сказаў, што неабходна прайсці абследаванне, — кажа Уладзіслаў. — Я ўжо тры планавыя абследаванні па анкалогіі прапусціў. У Беларусі мы ж не можам прайсці абследаванне, а за мяжу пакуль няма магчымасці нас вывезці. Лекар сказаў, што абследаванне патрэбна і бацьку, ёсць праблемы».
Прапісаныя шведскім лекарам медыкаменты Кузнечыкі ўжо атрымалі: адны былі набытыя ў Беларусі, а іншыя ім прывезлі са Швецыі. Паводле Уладзіслава, лекі аплацілі шведскія ўлады. Як сябе адчуваюць Кузнечыкі?
«Праблемы ёсць, але цярпіма, ужо прывыклі», — сказаў Уладзіслаў.
Таксама ён паведаміў, што абодва пакуль не прышчапляліся ад каронавірусу.
«Мы адны на цокальным паверсе, калі да нас зрэдку нехта прыходзіць, то абавязкова ў масках», — сказаў Уладзіслаў.
Нагадаем, удзельнікі пратэстаў Віталь і Уладзіслаў Кузьнечыкі, якім на той час было 47 і 29 гадоў, папрасілі палітычнага прытулку ў Швецыі, асцерагаючыся пераследу сілавікоў. У шведскай амбасадзе ў Мінску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузнечыкі пераскочылі праз агароджу дыппрадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі ўжо больш за год.
23 верасня 2020 года Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў ААН са скаргай на Швецыю. У ёй гаворыцца, што ў выніку бяздзеяння альбо дзеянняў Швецыі іх могуць затрымаць беларускія ўлады і прымяніць катаванні.
1 кастрычніка Камітэт задаволіў запыт Кузнечыкаў пра часовыя меры. Яны абавязваюць Швецыю забяспечыць асабістую недатыкальнасць Кузнечыкаў, пакуль Камітэт разглядае іхную скаргу.
Паводле адваката Вадзіма Драздова, заяўнікі 6 жніўня 2021 году атрымалі ліст з сакратарыяту ўправы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У лісце сказана, што гэтая скарга Кузнечыкаў цяпер знаходзіцца ў спісе спраў, запланаваных да разгляду на сесіі Камітэту, якая мае адбыцца ў лістападзе 2021 года.
Паводле раскладу працы Камітэту, чарговая сесія пройдзе з 8 лістапада па 3 снежня.
«Краіне-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыццёва важную медычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — кажа Вадзім Драздоў.
Таксама Камітэт супраць катаванняў паўторна адмовіў уладам Швецыі ў задавальненні іх просьбы аб зняцці часовых мераў. Кузнечыкі застаюцца на тэрыторыі амбасады.
Паводле адваката Вадзіма Драздова, шведскія ўлады мусяць вырашаць пытанне з аказаннем медычнай дапамогі Кузнечыкам.