«Вывучалі гісторыі васьмі памерлых». У Мінздароўя сёння разгледзяць сітуацыю з кіслародам у віцебскай БХМД
У Міністэрстве аховы здароўя 30 сакавіка пройдзе пасяджэнне лячэбна-кантрольнага савета, на якім разгледзяць надзвычайнае здарэнне з падачай кіслароду хворым на ШВЛ 7-8 студзеня ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пра гэта TUT.BY паведаміў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір Мартаў, які ў пачатку сакавіка апублікаваў гэтую праблему ў інтэрв'ю.
— На мінулым тыдні ў Віцебскай БХМД прайшлі патолагаанатамічныя
канферэнцыі. Камісіі Міністэрства аховы здароўя вывучалі медыцынскую
дакументацыю. На канферэнцыях разабралі 8 гісторый хваробы пацыентаў, якія
памерлі ў хірургічным корпусе 7-8 студзеня і пазней, — паведаміў Уладзімір
Мартаў. — У двух пацыентаў з васьмі ў гісторыі хваробы былі запісы лекара аб
спыненні падачы кіслароду — і ў гэтых двух чалавек на канферэнцыях выявілі
прычынна-выніковую сувязь з пагаршэннем іх стану. У астатніх пацыентаў, у каго
ў картах запісаў пра кісларод не было, гэтую сувязь не ўстанавілі.
Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі распавядае,
што людзі пасля здарэння паміралі па-рознаму:
— Хтосьці, напрыклад, памёр 12 студзеня, але сувязь са
спыненнем падачы кіслароду ў яго смерці ўстаноўлена. Хтосьці памёр адразу — 7
студзеня, — але сувязь не ўстаноўлена.
Уладзімір Мартаў кажа, што яму і калегам важна даведацца,
да якіх высноў прыйдзе лячэбна-кантрольны савет Міністэрства аховы здароўя:
— Лячэбна-кантрольны савет Міністэрства аховы здароўя — гэта найвышэйшы орган ведамства, на якім разбіраюць розныя надзвычайныя здарэнні. Мне,
супрацоўнікам нашага аддзялення, а таксама многім беларускім лекарам прафесійна
цікава даведацца, як расследавалі віцебскі выпадак, якія рашэнні ў выніку
прымуць, якія зробяць высновы.
Нагадаем, старшынёй лячэбна-кантрольнага савета (ЛКС)
Міністэрства аховы здароўя з'яўляецца першы намеснік міністра аховы здароўя
Алена Богдан. Да працы ЛКС могуць прыцягвацца галоўныя штатныя і пазаштатныя
спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўленняў
аховы здароўя аблвыканкамаў, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама,
медустаноў.
ЛКС дае ацэнку «стану, даступнасці і якасці медыцынскай
дапамогі, якая аказваецца насельніцтву», вызначае «напрамкі па
ўдасканаленні якасці аказання медыцынскай дапамогі».
Надзвычайнае здарэнне з кіслародам ў БХМД Віцебска
10 сакавіка на TUT.BY выйшла інтэрв'ю з загадчыкам аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімірам Мартавым: ён распавёў аб НЗ у Віцебскай БХМД. У пачатку студзеня ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. «Хтосьці памёр у тыя ж дні, хтосьці — на наступны дзень, хтосьці — праз 3-5 дзён». Мартаў не назваў дакладную колькасць памерлых, але сказаў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі». Медык паведаміў пра гэта міністру Дзмітрыю Піневічу, той даслаў у бальніцу камісію, вынік усяго гэтага: паводле слоў лекара, перабоі з кіслародам ёсць і дагэтуль, самому ж Мартаву з красавіка не працягваюць кантракт.
У пятніцу, 12 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка пабываў у
Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы і там спытаў у кіраўніка
Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча пра гэтае надзвычайнае здарэнне.
«Былі невялікія перабоі», — так пракаментаваў сітуацыю Піневіч. Лукашэнка
запатрабаваў: «Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца ставіць
чалавека». «Паставім», — паабяцаў Піневіч.
«Падача кіслароду не залежыць ад таго, загадчык
аддзялення рэанімацыі апазіцыянер ці не», — адказаў на гэта Уладзімір
Мартаў.
14 сакавіка сітуацыю з кіслародам пракаментаваў кіраўнік
Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. У інтэрв'ю СТБ ён ахарактарызаваў
загадчыка аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзіміра Мартава як
прафесіянала, але падкрэсліў, што, паводле яго звестак, перабоі ў падачы
кіслароду ў бальніцы не былі прычынай гібелі пацыентаў.
— Інцыдэнт, наколькі я разумею, быў. Мы яшчэ будзем яго
разглядаць больш падрабязна на ўзроўні лячэбна-кантрольнага савета Міністэрства
аховы здароўя. Гэта было ў халодны перыяд часу, калі была нагрузка на кіслародную
сістэму. Але, паводле сцверджанняў іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае
падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што
распавядаў наш шаноўны Уладзімір Юр'евіч, — адзначыў Піневіч.
Ён таксама распавёў, што ў БХМД Віцебска быў выяўлены цэлы
шэраг парушэнняў, напрыклад факт парушэння санэпідэмрэжыму, што магло і, хутчэй
за ўсё, прыводзіла да ўнутрыбальнічнага заражэння каронавірусам персанала, у
тым ліку ў «чырвонай зоне».
— Адзначалася, што, на жаль, Уладзімір Юр'евіч сваім дрэнным
прыкладам паказвае невыкананне жорсткіх норм знаходжання спецыялістаў у «чырвонай зоне».
Піневіч адзначыў, што меры дысцыплінарнага ўздзеяння
прынятыя да цэлага шэрагу спецыялістаў бальніцы хуткай дапамогі.
У сярэдзіне сакавіка ў Віцебскай БХМД прайшлі праверкі:
прыехалі медыкі з Мінска. Следчы камітэт апытаў медыкаў, якія дзяжурылі 7-8
студзеня.
1 сакавіка Уладзімір Мартаў атрымаў апавяшчэнне ад адміністрацыі БХМД аб тым, што з
3 красавіка з ім не працягваюць працоўны кантракт — «у сувязі з заканчэннем
тэрміну яго дзеяння».