Выйшаў топ-100 гарадоў свету 2023 года. Беларусі ў ім няма

Міжнародная даследчая арганізацыя Euromonitor International склала рэйтынг 100 найлепшых гарадоў свету ў 2023 годзе. Еўропа стала самай прывабнай часткай планеты — у першую дваццатку трапілі ажно 12 мегаполісаў нашага кантыненту. Добрыя пазіцыі занялі і блізкія Беларусі суседзі, а вось месца для Мінска ці Горадні ў сотцы не знайшлося. «Новы Час» уявіў, як мог бы выглядаць такі рэйтынг у Беларусі будучыні!

Дом Напалеона Орды ў Пінску. Ілюстрацыйная выява

Дом Напалеона Орды ў Пінску. Ілюстрацыйная выява

11 снежня вядомая аналітычная кампанія Euromonitor International, што з'яўляецца вядучым у свеце незалежным пастаўшчыком стратэгічных даследаванняў рынку, традыцыйна прадставіла свой спіс найлепшых гарадоў для вандровак, пераезду і вядзення бізнесу.

Трэці год запар лідарскую пазіцыю прысвойваюць Парыжу за найлепшае выкананне ўсіх неабходных для перамогі паказчыкаў. Сёлета горад наведалі больш за 15 мільёнаў замежных турыстаў, хаця ўнутраны турызм у краіне таксама збалансаваны. Вырашальным фактарам у наданні «кароны» французскай сталіцы сыграла выдатная падрыхтоўка горада да Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць тут у наступным годзе. 

Падрыхтоўка Парыжа да Алімпійскіх гульняў-2024. Фота Independent

Падрыхтоўка Парыжа да Алімпійскіх гульняў-2024. Фота Independent

Трэцяе месца аддалі Мадрыду, пераважна за экалогію: да 2050 года горад плануе стаць вугляродна-нейтральным, з цэнтрам без аўтамабіляў і лепшым у свеце транспартам. Берлін, дзякуючы яго новай кампаніі па развіцці турызму ў аддаленых раёнах і прыгарадзе, трапіў на шосты радок. А вось Лондан толькі на дзясяты: і гэта нягледзячы на тое, што горад прызнаны лепшым у свеце па турыстычнай інфраструктуры. У дзясятцы таксама размясціліся Амстэрдам, Рым і Барселона, за выдатнае выкананне ўсіх патрабаванняў. 

У топ трапілі і нашы суседзі з усходнееўрапейскіх краін: сталіцы Польшчы надалі рэкорднае 44-е месца. Кракаў, адзін з нешматлікіх гарадоў, што не з’яўляюцца сталіцамі, увогуле знаходзіцца на 65-й пазіцыі. Талін аказаўся на 83-м месцы, Вільня — на 92-м.  Euronews адзначае, што літоўская сталіца ўпершыню трапіла ў рэйтынг дзякуючы неверагоднаму паляпшэнню паказчыкаў у сферы турызму і транспарту за апошнія гады. 

Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота Delfi

Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота Delfi

Агулам, згодна з рэйтынгам, на 100 найлепшых гарадоў планеты прыходзіцца ажно 63 гарады Еўропы, што сведчыць пра прывабнасць кантыненту па ўсіх параметрах.

Што да Расіі, у рэйтынгу не прысутнічае ніводнага горада краіны-агрэсаркі.

Гарады ранжыруюцца па 55 паказчыках у шасці ключавых катэгорыях, што дае агульны бал прывабнасці. Катэгорыі ўключаюць эканамічныя і бізнес-паказчыкі, турыстычную палітыку, якасць інфраструктуры і яе прывабнасць, насычанасць культурніцкімі і гістарычнымі каштоўнасцямі, клопат пра здароўе і бяспеку, а таксама ўстойлівае развіццё з эканамічнага і ўрбаністычнага пункту гледжання. 

Топ-20 гарадоў свету ў 2023 годзе. Выява Euromonitor International

Топ-20 гарадоў свету ў 2023 годзе. Выява Euromonitor International

Балы налічваюцца за такія рэчы, як турыстычны попыт, даступнасць, выкарыстанне інтэлектуальных тэхналогій і экалагічныя праекты. У 2023 годзе арганізацыя дадала шэраг дадатковых важных крытэрыяў: зручнасць дыстанцыйнай працы, якасць высакахуткаснага інтэрнэта, гнуткае браніраванне апартаментаў і развіццё сеткі грамадскага транспарту. 

Мы прааналізавалі гэтыя пункты і вырашылі «прымерыць» іх на Беларусь. Хаця, варта адзначыць, гэта хутчэй не рэйтынг, а наўпрост рэкамендацыя, якія рэгіянальныя гарады нашай краіны абавязкова варта наведаць у 2024! 

Наваградак


Замак у Наваградку

Замак у Наваградку

 Адзін з найбольш старажытных гарадоў краіны, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і найбагацейшая скарбніца гістарычнай спадчыны.

Галоўная асаблівасць Наваградка – амаль поўная адсутнасць забудовы часоў савецкай акупацыі, што пераносіць вандроўніка ў сапраўднае еўрапейскае асяроддзе. Слаўны град размешчаны ў надзвычай гарыстым рэгіёне Беларусі, дзякуючы чаму пейзажы тут надзвычайныя.

Глядзіце таксама

На схілах узгоркаў усталяваныя беласнежныя ветракі, што сумяшчае сучаснасць з рэшткамі былой літоўскай велічы. 

Браслаў


Замкавая гара ў Браславе. Фота Braslaw.by

Замкавая гара ў Браславе. Фота Braslaw.by

Браслаў ляжыць сярод найбуйнейшага ў Беларусі масіву азёраў ледніковага паходжання. Ён размясціўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывяты, Струста і Неспіш. Адсюль і нарадзілася назва — «brasla», што перакладаецца з латышскай як «брод».

Сэрца горада заўсёды білася на Замкавай гары, дзе калісьці з’явілася паганскае капішча, першыя драўляныя дзяцінцы, пазней — літоўскія замкі. Археолагам удалося адшукаць баявыя сякеры, касцяныя грабеньчыкі ды іншыя знаходкі, выраб якіх датуецца XI стагоддзем.

 Цяпер на гарадзішчы стаіць кампазіцыя з вобразаў, што адсылаюць да паганскіх багоў.

 Пінск


_belarus_pinsk_manastyr_francyskancy_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg.webp

 Сталіца заходняга Палесся дакладна заваюе сэрца беларуса сваім гістарычным цэнтрам.

Закрытыя ад аўтамабіляў «пешаходкі», мноства годных рэстарацый ды кавярняў, намёкі на стылёвую сучасную архітэктуру, муралы, якаснае азеляненне ды ландшафтны дызайн. А яшчэ магутная Прыпяць з драўляным рачным вакзалам і грузавымі караблікамі!

Глядзіце таксама

 У параўнанні з папярэднімі гарадамі Пінск мае зусім іншыя памеры, таму амаль усю астатнюю тэрыторыю горада займаюць савецкія жылыя масівы.

Слонім


Канал Агінскага ў Слоніме

Канал Агінскага ў Слоніме

Прывабны горад на Гарадзеншчыне адрозніваецца асаблівай дагледжанасцю, акуратнасцю і, верагодна, найлепшым у краіне гарадскім асяроддзем. У Слоніме прысутнічае шмат брукаваных вуліц, добра адрэстаўраванай забудовы і безліч святынь розных эпох ды канфесій.

 Цэнтр горада падзяляе легендарны Агінскі канал, вакол якога разбіты гарны сучасны парк з веласцёжкамі і каменнай набярэжнай.

Глыбокае


Глыбокае, касцёл кармелітаў

Глыбокае, касцёл кармелітаў

Катакомбы з натуральнымі чалавечымі чарапамі, дэндралагічны сад, аглядная пляцоўка ў званіцы вышынёй 50 мэтраў, атмасферны магільнік і помнік вішні — гэты ўтульны горад на Віцебшчыне назапасіў у сабе ўнікальную капсулу гісторыі і культуры. Тут можна знайсці помнік Вацлаву Ластоўскаму, дом стваральніка нацыянальнага сцяга Беларусі Клаўдзія Дуж-Душэўскага і канешне ж фірмовыя наборчыкі з глыбоцкай згушчонкай!

Глядзіце таксама

 Знаходжанне ў Глыбокім заўсёды выклікае надзвычай прыемная адчуванні. Яго аблічча — прыклад таго, як павінна выглядаць невялічкае беларускае мястэчка. Этнічна, дагледжана, аўтэнтычна. 

Бабруйск


Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць

Найвялікшы рэгіянальны горад Беларусі мае бязмежны турыстычны патэнцыял, бо колькасць славутасцяў у розных пунктах гэтага гіганта проста не можа не ўражваць. На жаль, цяпер амаль усе гісторыка-культурныя каштоўнасці тут знаходзяцца ў крытычным стане. Але, безумоўна, разбураныя ўсё ж значна лепей за знішчаныя.

Дом купчыхі Кацнэльсан, двор Порт-Артур ды Бабруйская крэпасць абавязкова стануць для вас вельмі цікавымі знаходкамі!

Глядзіце таксама

 Спадзяемся, калі-небудзь і беларускі горад дасягне такога ўзроўню развіцця, каб нарэшце трапіць у сусветны рэйтынг. І тады «Лепей Брэста няма месца» прагучыць не толькі на Брэст, але і на ўвесь свет!