“Вы маеце прыводы ў міліцыю і рэгіструецеся, каб далей закон парушаць!”

"Еўрарадыё" склада топ-5 самых абсурдных адмоў Мінюста палітычным партыям і грамадскім аб’яднанням у рэгістрацыі.



sciag_belarusi_article_big.jpg

Скаргу  на сёмую адмову Мінюста ў рэгістрацыі “Беларускай камуністычнай партыі працоўных” разглядае Вярхоўны суд 7 красавіка. Але камуністы — далёка не адзіныя, хто хоча, але ўжо шмат гадоў не можа стварыць партыю. Еўрарадыё складае рэйтынг самых абсурдных адмоў Мінюста.

Па шчырасці, вызначыць адмову-пераможцу па абсурднасці дастаткова складана. Бо ў кожнага з апытаных была хаця б адна, якая прэтэндуе на лідарства. Але… Вось гісторыя ад старшыні аргкамітэта па стварэнні “Партыя свабоды і прагрэсу (ПСП)” Уладзіміра Навасяда.

Мінюст правярае, ці сапраўдныя звесткі пра сябе падалі людзі, што хочуць быць сябрамі новай партыі. Працэдура такой праверкі стандартная, але тое, якім чынам яна праводзілася ў выпадку з ПСП, выводзіць яе, на маю думку, на першае месца ў рэйтынгу.

Уладзімер Навасяд: “Мінюст зрабіў запыт на імя рэктара “ўнівера”, але ў тым запыце ўказалі адрас адміністрацыйнага будынка, а не інтэрната, дзе на самай справе жылі студэнты. Зразумела, рэктар адказаў, што па гэтым адрасе, у яго ў кабінеце, ніякія студэнты не жывуць. На гэтай падставе нам адмовілі ў рэгістрацыі”.

6a.jpg

                           Уладзімер Навасяд

Усяго Навасяду і яго паплечнікам у рэгістрацыі адмаўлялі 5 разоў,  бліжэй да лета яны хочуць зрабіць шостую спробу легалізавацца.

На другое месца законна прэтэндуе гісторыя, расказаная Еўрарадыё сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталём Рымашэўскім. Дакладней, дзве розныя гісторыя, але адна другой вартая.

4.jpg

                                    Віталь Рымашэўскі

Першая гісторыя пра тое, як Мінюст не паверыў у сапраўднасць подпісу аднаго з актывістаў БХД. Неабходна падаць подпісы адной тысячы актывістаў пад зваротам аб рэгістрацыі партыі.

Віталь Рымашэўскі: “Мы прыводзілі ў Вярхоўны суд чалавека, які казаў, што “гэты подпіс мой, я яго ставіў”, але эксперт з МУС сказаў: “Не, гэта быў не яго подпіс”. І на гэтай падставе суддзя адмовіў у рэгістрацыі”.

Другая адмова адбывалася ў Брэсце, дзе БХД спрабавала зарэгістраваць Асветніцкае грамадскае аб'яднанне "Брэсцкія Хрысціянскія Дэмакраты". Там эксперты з галоўнага ўпраўлення юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама вырашылі, што словы “хрысціянскія” і “дэмакраты” ў спалучэнні супярэчаць… беларускаму заканадаўству! Упэўніцца ў гэтым можна, паглядзеўшы афіцыйны адказ за подпісам начальніка ўпраўлення.

1390203586_photo.jpg

1390203635_photo-2.jpg

1390203606_photo-1.jpg

Увогуле ж БХД 4 разы спрабавала зарэгістравацца як палітычная партыя і мае каля 10 адмоў у якасці грамадскага аб’яднання.

На трэцім месцы — адмова “Маладому Фронту”. “Маладафронтаўцаў” западозрылі ў тым, што яны хочуць стварыць легальную структуру для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.

Было аб’яўлена, што гэтыя людзі мелі прыводы і патэнцыйна з’яўляюцца людзьмі, якія парушаюць закон. Ні Канстытуцыя, ні нейкі іншы закон не ўтрымліваюць нормаў для такіх адмоў. Калі людзям практычна кажуць, што яны парушаюць закон і рэгіструюцца для таго, каб далей гэта рабіць”, — распавядае лідар МФ Мікола Дземідзенка.

“Малады Фронт” рабіў 7 спроб атрымаць рэгістрацыю.

На чацвёртым месцы адмова, атрыманая аргкамітэтам “Беларускай камуністычнай партыі працоўных”. Праблема ўзнікла, кажа прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі Анатоль Абрамчык, з гарантыйным лістом, які прыкладаецца да заяўкі на рэгістрацыю ў Мінюст. У лісце ўладальнік адміністрацыйнага будынка пацвярджае, што новая структура атрымае ў арэнду памяшканне пад офіс. Дзе і будзе яе юрыдычны адрас.

Анатоль Абрамчык: “Але міністэрства пайшло далей: тыя, хто падае дакументы, павінныя апроч гарантыйнага ліста прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць, што той, хто даў гэты гарантыйны ліст, насамрэч з’яўляецца ўласнікам гэтага памяшкання”.

“Працоўныя камуністы” таксама 7 разоў падаваліся на рэгістрацыю ў Мінюст, але безвынікова.

На пятым месцы прычына, з якой давялося сутыкнуцца практычна ўсім, хто спрабаваў зарэгістраваць у Мінюсце палітычную партыю ці грамадскае аб’яднанне. Ну, з тых, каму ўлады не асабліва давяраюць. Прычына гэтая, распавядае старшыня “Беларускага Хельсінскага камітэта” Алег Гулак, таксама звязаная з праверкай праўдзівасці звестак падпісантаў са спісу, пададзенага ў Мінюст.

2b.jpg

                         Алег Гулак

Праблема ў тым, што шмат людзей рэальна не жыве па месцы сваёй прапіскі. Схема такая: калі чалавек указвае адрас свайго рэальнага пражывання, то Мінюст лічыць гэта памылкай — гэты адрас не адпавядае прапісцы. Адмова ў рэгістрацыі! Калі пішуць прапіску, то па гэтым адрасе накіроўваюць участковага, якія збірае паказанні суседзяў: чалавек на самай справе тут не жыве. Адмова! Ну, ці як было ў выпадку з праваабарончым цэнтрам “Вясна”: напісаў чалавек, што працуе “кіраўніком спартовага кружка”, але ж на самай справе — “спартовай секцыі”! Адмова, бо звесткі несапраўдныя…

Фота: Змітра Лукашука, www.belsat.eu, http://bchd.info/

euroradio.by