Ворагі Беларусі — хто яны
Падобна на тое, што афіцыйныя ўлады нашай краіны ў пошуках сваіх ворагаў пусціліся ва ўсе цяжкія — спіс тых, каго афіцыёз разглядае недабранадзейнымі грамадзянамі, павялічваецца штодня, колькасць людзей, да каго або за кім прыйшлі, расце нібы штармавая хваля.
Сёння цяжка сказаць, хто не з’яўляецца для Лукашэнкі і яго
атачэння (з іх пункту гледжання) ворагам. Гэта і класічныя апазіцыянеры з
зарэгістраваных і не зарэгістраваных партый і рухаў, гэта недзяржаўныя
грамадскія арганізацыі і аб’яднанні, створаныя не па загадзе ці не са згоды
ўлады, гэта і рабочыя, што праз страйк выказваюць недавер пакуль яшчэ ўсемагутным «гаспадарам жыцця». Гэта студэнты і навукоўцы, спартоўцы, дзеячы навукі і
культуры, бізнесмены, медыкі і вайскоўцы — усе тыя, хто адважыўся (ці толькі
спачувае ім) прадэманстраваць сваю нязгоду «з палітыкай партыі», выказаць
пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў, а потым
выступіць супраць рэпрэсій.
Аднак аднымі з першых, супраць каго накіраваў свой ваяўнічы молах забранзавелы рэжым, сталі журналісты — тыя, у чые прафесійныя і маральныя абавязкі ўваходзіць несці людзям словы праўды, забяспечваць іх сапраўднай інфармацыяй пра падзеі ў краіне і па-за яе межамі. Высветлілася, што менавіта праўды так баіцца дзейная ўлада, якая пасля 9-га жніўня мінулага года напоўніцу ўключыла ўвесь свой прапагандысцкі рэсурс, даводзячы, што першы і бяззменны кіраўнік дзяржавы зноў перамог з вялікім адрывам, а людзі, што з гэтым не згодныя, усяго толькі «адшчапенцы», «маргіналы», «прадажныя мярзотнікі», якія «існуюць за грошы Захада», «здраднікі» і гэтак далей. Нават выспела цэлая кагорта маладых і не вельмі прапагандыстаў, якія не цураюцца самых нізкіх і пахабных метадаў у абалваньванні многіх грамадзян, якія дагэтуль чэрпаюць інфармацыю з дзяржаўных тэлеканалаў, радыёкропак ці з афіцыйных друкаваных выданняў і давяраюць ім па прычыне адсутнасці альтэрнатывы.
Для іншых людзей і існуюць недзяржаўныя медыя, якія імкнуцца даводзіць сваім чытачам, гледачам і слухачам праўдзівую нецэнзураваную інфармацыю, прапануюць незаангажаваную аналітыку, дыскусіі, магчымасць выказацца на тыя ці іншыя тэмы. Гэта ў прынцыпе немагчыма ў дзяржаўных СМІ ва ўмовах панавання адзінай ідэалогіі, якая абслугоўвае толькі кіроўную вярхоўку. Для рэжымаў, падобных на той, які ўжо дваццаць сёмы год пануе ў Беларусі, свабодныя медыя горш за зброю. Вольнае слова сёння горай за кулю, бо яно сее сумневы, робіць людзей больш крытычнымі да таго, што адбываецца з імі ў іх краіне. Прымушае задумвацца і разважаць. А вось гэта — самае небяспечнае для дзеячоў, каторыя лічаць сябе бязгрэшнымі і адзіна правільнымі. Таму, з іх гледжання, незалежныя прэса з’яўляецца «ворагам Беларусі».
Яшчэ адзін вельмі небяспечны «вораг» — праваабаронцы. Яны фіксуюць і даводзяць да айчыннай і сусветнай супольнасці (па магчымасці) усе выпадкі супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да мірных грамадзян з боку ўлады, распавядаюць пра адвольныя затрыманні, катаванні, здзекі ў міліцэйскіх пастарунках і ізалятарах часовага ўтрымання, пра нялюдскія ўмовы ў ІЧУ і СІЗА, пра працэсуальныя парушэнні. Паводле праваабаронцаў, колькасць палітвязняў у Беларусі набліжаецца да трохсот, гэта рэкордныя паказчыкі нават для часоў лукашэнкавага кіравання. Інфармацыя праваабаронцаў даходзіць да міжнародных структур, якія проста вымушаны рэагаваць на гэтыя абуральныя факты і апеляваць да тутэйшых уладаў. Наколькі эфектыўнай з’яўляецца такая міжнародная рэакцыя, гэта ўжо справа іншая і тэма іншай публікацыі, але тым не менш.
Ператрусы ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў і ў праваабарончых арганізацыях, затрыманні кіраўнікоў БАЖ і актывістаў не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах краіны, што адбываюцца 16 лютага, ёсць сведчаннем такой злобы і пошуку «ворагаў Беларусі» нават там, дзе іх няма і не магло быць.
Для правадыра і яго атачэння «здраднікамі» сталі і бізнесоўцы, і былыя «сілавікі», і экс-урадоўцы, дыпламаты, банкіры, прамыславікі, чыноўнікі — усе тыя, хто дазволіў сабе хоць крыху сумневу ў праваце сістэмы і яе стваральніка. Таму ўсе яны — «ворагі Беларусі». Прынамсі, менавіта гэта спрабуе ўбіць у галовы людзей афіцыйная прапаганда. Але ці так гэта?
На маю асабістую думку, сапраўднымі ворагамі Беларусі з’яўляюцца акурат тыя, хто больш за чвэрць стагоддзя кансервуе яе развіццё, хто сваёй палітыкай адкінуў яе на дзесяцігоддзі назад. Хто не пажадаў весці свой народ за цывілізаваным светам, хто варварскімі метадамі імкнецца ўтрымаць людзей у падпарадкаванні, хто знічшае гістарычную памяць карэннага народа, яго мову і нацыянальную сімволіку, хто гандлюе яе незалежнасцю, хто ў парушэнне нават парэшткаў Канстытуцыі намерваецца пазбавіць Беларусь статусу нейтральнай дзяржавы, а маладых беларусаў адправіць у гарачыя кропкі ваяваць немаведама навошта і з кім, але каб толькі задаволіць непамерныя амбіцыі местачковых уладатрымцаў.
Гэта тыя, хто загнаў Беларусь у пазыковую багну, бо плаціць па знешніх пазыках давядзецца не аднаму пакаленню нашых нашчадкаў. Гэта тыя, з-за каго нашу краіну пакінулі тысячы і тысячы лепшых спецыялістаў у розных галінах, бо не бачаць для сябе перспектыў пры сённяшняй уладзе. І многія з іх, на вялікі жаль, ужо не вернуцца ў Беларусь, калі тут захаваецца самаўлюбёны антыгуманны рэжым.
Вельмі хочацца, каб усё гэта спынілася як мага хутчэй. Каб у
нашай краіне перасталі шукаць ворагаў, а людзі — баяцца за сваіх блізкіх,
сяброў, за сваю будучыню. Каб прафесіяналы маглі займацца сваімі справамі на
карысць іншым, каб у Беларусі нарэшце абралі ўладу, якая будзе сапраўды
народнай, а не абслугай інтарэсаў адной асобы. Каб у нашай краіне з’явіўся
сапраўдны суд, які будзе Судом, а не абслугачом уладных прыхамацей. Хочацца, у
рэшце рэшт, вясны, якая надыдзе пасля такой зацяжной і халоднай зімы і будзе
сапраўды Вясною ва ўсіх сэнсах, але як хутка тое адбудзецца, залежыць ад
кожнага з нас. Вось тады і не будзе «ворагаў» на кожным кроку.