Вользе Гарбуновай прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» і адпусцілі з-пад варты

Былой кіраўніцы «Радзіславы» Гарбуновай сёння прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» і адпусцілі з-пад варты

harbunova_0911.jpg

Праваабаронцу Вольгу Гарбунову пасля паўгода зняволеньня 6 траўня адпусцілі з-пад варты ў залі суду. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Girls power Belarus».

Суд Савецкага раёну Мінску пачаў разгляд крымінальнай справы праваабаронцы, былой кіраўніцы арганізацыі «Радзіслава» палітзняволенай Вольгі Гарбуновай 5 траўня.

Вырак Вользе суддзя Сяргей Шаціла агучыў сёння, 6 траўня, — 3 гады «хатняй хіміі», піша Св*бода

У выніку Вольгу Гарбунову абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Вольгу Гарбунову хацелі абвінаваціць яшчэ і паводле трох частак артыкулу 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Вольгу Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году і да суду змясцілі ў СІЗА № 1 Мінску. Вядома, што пасля затрымання Вольга амаль два тыдні трымала галадоўку. Яе блізкія некалькі дзён не ведалі, дзе яна знаходзіцца. Адвакату не далі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне Вольгі, а допыт яе праводзіўся без прысутнасці адваката.

Вольга Гарбунова — феміністка, актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

На старонцы ў падтрымку зняволенай Вольгі ў Instagram з’явілася просьба не прыходзіць на суд «па просьбе Волі». Паплечнікі просяць падтрымаць Гарбунову інакш: допісамі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #олявмоейжизни.