Вольгу Класкоўскую перавялі з калоніі ў СІЗА па новай крымінальнай справе

Вольгу Класкоўскую перавялі з калоніі ў СІЗА №7 па новай крымінальнай справе. Пра гэта праваабаронцам паведаміла маці палітзняволенай. Паводле яе слоў, за час зняволення ў Вольгі моцна пагоршыўся стан здароўя.

e1_hlyhwyaiw0xy.jpg


Вольгу перавялі для правядзення следчых дзеянняў па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 369 КК РБ за каментар у сацсетцы, якім Вольга нібыта абразіла супрацоўніка міліцыі з Брэста. Гэты каментар быў размешчаны ў сетцы да яе арышту, паведамляе REFORM.by.

Маці палітвязень кажа, што Вольга дрэнна сябе адчувае — у яе пагаршаецца зрок. З-за дрэнных умоў утрымання вярнуліся старыя хваробы — ацёкі ног, болі ў хрыбетніку, галаўныя болі. Вольгу некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА. Бацькам з сакавіка адмаўляюць у спатканнях з дачкой, першую перадачу ў калонію ўдалося перадаць толькі ў ліпені, другую адправілі пасылкай перад этапам у Брэст.

Вольгу Класкоўскую асудзілі 22 снежня мінулага года на два гады калоніі па артыкуле 342 КК РБ нібыта за перакрыццё дарогі ў Серабранцы ў Мінску.