Вольга Івашына: Цяпер маем спіс для малітвы за ахвярадаўцаў
Сям'я журналіста Дзяніса Івашына ўдзячная ўсім за падтрымку.
Днямі стала вядома, што родным журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына патрэбна дапамога ў аплаце паслуг адваката. Для таго, каб заплаціць абаронцу Дзяніса, родныя журналіста былі вымушаныя браць пазыкі. Судовыя пасяджэнні ў закрытым рэжыме між тым праходзяць штодня, і колькі яны яшчэ працягнуцца, невядома.
За некалькі дзён неабходная сума была сабрана. Сваякі вельмі ўдзячныя ўсім за дапамогу.
Пра гэта ў сацсетках напісала жонка журналіста-палітвязня Вольга Івашына: «Я магу шчыра падзякаваць ад імя Дзяніса Івашына і ўсіх нас за вашу чуйнасць, дабрыню, спагаду, салідарнасць і адкрытыя сэрцы!
«Нягледзячы на тое, што наша сумная эпапея доўжыцца ўжо амаль паўтара гады, а агульнанацыянальная трагедыя — яшчэ даўжэй, вы знаходзіце для тых, хто ў патрэбе, сілы, сродкі, час і добрыя словы падтрымкі. Асабліва важна для мяне, што мы цяпер маем амаль пайменны спіс для малітвы за ахвярадаўцаў. Мяркую, з улікам усіх прапаноў дапамогі і ўжо пералічанага, гэтае пытанне ўжо можна закрываць.
Цешыць, што такая хваля салідарнасці датычыцца і іншых закладнікаў рэжыму ўнутранай акупацыі. Гэта значыць, што яму адназначна ёсць чаго баяцца, таму і працягвае так шалець.
А наш Дзяніс з кожным днём адчувае сябе ўсё лепш і лепш. Відаць, яму на адлегласці неяк перадаюцца вашы цеплыня і дабрыня. І мы цешымся з гэтае нагоды!
Барацьба за вызваленне краіны трывае!»
Нагадаем, журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын знаходзіцца ў няволі з 12 сакавіка 2021 года. Яго абвінавачваюць паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў), а таксама паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Дзянісу можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў зняволення.