Вязень Шклоўскай калоніі Андрэй Бандарэнка параўнаў беларускую пенітэнцыярную сістэму з ГУЛАГам
Вязня шклоўскай калоніі, праваабаронцу Андрэя Бандарэнку змясцілі на 2 месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) як злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання. Пра гэта карэспандэнту "Радыё Свабода" паведаміў бацька былога палітвязня Валер Бандарэнка, які днямі атрымаў ад сына ліст.
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота з суду, 2014 год
«Андрэй як выйшаў з карцэру, так змог напісаць. Паведаміў, што яго пазбавілі перадач і на два месяцы змясьцілі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Са словаў кіраўніцтва, на якое сын спасылаецца, за гэты час яго перавядуць на турэмны рэжым як злоснага парушальніка. Апошнія разы каралі за тое, што адмовіўся легчы на ўказанае вартаўнікамі месца, спаў на падлозе, быў непаголены. Карацей, робіцца ўсё, каб падрыхтаваць базу для змяшчэння ў турму. Усе скаргі адносна штучнага накладання на яго нізкага статусу, адносна пазбаўлення перадач, спатканняў, абмежавання грашовай дапамогі — усё не дае выніку, і бачна, што гэта не залежыць ад адміністрацыі пэўнай калоніі. Вось ён піша: «Дзікунства, што ў 21 стагоддзі яшчэ захаваліся такія рэчы, якія практыкаваліся пры ГУЛАГу. На маім прыкладзе бачна, як у калоніях адбываецца перавыхаванне і ў каго перавыхоўваюць. Пра гэта трэба зноў казаць, не замоўчваць. Беларусь паўсюль заяўляе пра гуманнае абыходжанне з вязнямі, але фактам ёсць жорсткае, прыніжальнае для чалавечай годнасці абыходжанне».
Валер Бандарэнка
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка летась быў асуджаны на 3 гады зняволення за злоснае хуліганства. Сваю віну Андрэй Бандарэнка прызнаў часткова, не выключыўшы, што стаў ахвярай правакацыі з боку праваахоўнікаў за праваабарончую дзейнасць. У 2015 годзе Андрэй Бандарэнка мог разлічваць на датэрміновае вызваленне паводле амністыі, якая была прымеркаваная да 60-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, але атрымаў шэраг спагнанняў за парушэнні дысцыпліны і страціў права на амністыю. Вязень мяркуе, што спагнанні былі накладзеныя на яго наўмысна, каб перашкодзіць выхаду на волю, і не выключае, што цяпер яго змесцяць на турэмны рэжым ці ўвогуле дададуць тэрмін зняволення.
Днямі бацька вязня Валер Бандарэнка разам з актывісткай грамадскай ініцыятывы «За волю» Ганнай Шапуцькай перадалі ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС зварот з подпісамі за спыненне пераследу Андрэя Бандарэнкі ў Шклоўскай калёніі. «Там прынялі заяву, абяцалі стварыць камісію і ўсё праверыць. Але, калі шчыра, у мяне магла спадзяванняў. Андрэя зноў пачалі пераследаваць за тое, што ён не скараецца, працягвае змагацца. Хочуць яго за гэта зламаць», — кажа Валер Бандарэнка.