У МУС накіраваны калектыўны зварот аб спыненні катаванняў Андрэя Бандарэнкі

Група грамадзян Беларусі накіравала у дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС адкрыты зварот аб спыненні катаванняў у адносінах да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Андрэй Бандарэнка — стваральнік установы «Платформ інавейшн», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі.



bondarenko_sud2_245.jpg

12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (чч. 1, 2 і 3 арт. 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Змест звароту апублікавала ў «Фэйсбуку» праваабаронца Ганна Шапуцька. 

Як зазначаецца ў звароце, родным і сябрам Бандарэнкі стала вядома, што пасля таго, як 5 кастрычніка закончыўся тэрмін яго утрымання у памяшканні камернага тыпу шклоўскай калоніі, у дычыненні да праваабаронцы адразу «распачаліся правакацыі з боку зэкаў калоніі і з боку адміністрацыі калоніі».

У размове з бацькам Бандарэнка паведаміў, што зноў, як гэта ўжо было ў бабруйскай калоніі, яго «спрабуюць прымусіць жыць па нечалавечых законах крымінальнага свету, спрабуюць маральна знішчыць, растаптаць чалавечы гонар і годнасць, увесь час робяцца спробы беспадстаўна змяніць яго «нефармальны статус», гаворыцца ў звароце.

«У адказ на катаванні, правакацыі, Андрэй Бандарэнка абвясціў бестэрміновую галадоўку. Грамадства ўжо не раз звярталася і да дэпартамента выканання пакаранняў, да Генеральнай пракуратуры з патрабаваннем навесці парадак у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, спыніць катаванні вязняў (па справе палітвязняў Змітра Дашкевіча, Міколы Аўтуховіча, Андрэя Саннікава і інш.), але ж, як мы бачым, катаванні, прыніжэнні правакацыі працягваюцца, нічога не мяняецца, правы чалавека парушаюцца самым цынічным, бесчалавечным чынам», — пішуць аўтары звароту.

Яны яшчэ раз заклікалі ДВП і Генпракуратуру «спыніць катаванні ў турмах, калоніях, спыніць катаванні палітвязня-праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі».

«Мы патрабуем навесці парадак у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, прыкласці ўсе намаганні, каб у беларускіх турмах і калоніях зняволеныя жылі па законах Рэспублікі Беларусь, а не па законах крымінальных аўтарытэтаў, дзікунскіх законах сталінскага ГУЛАГу», — адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары нагадваюць, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі «ніхто не павінен зазнаваць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае або такое абыходжанне ці пакаранне, якое прыніжае яго годнасць». Артыкул 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса таксама прадугледжвае, што «асуджаныя не павінны зазнаваць жорсткае, бесчалавечнае ці такое абыходжанне, якое прыніжае іх годнасць». 

Калі катаванні ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі, якога многія ў Беларусі лічаць палітвязням, не спыняцца, яго родныя і прадстаўнікі грамадства звернуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Сярод тых, хто падпісаў калектыўны зварот, — родныя Андрэя Бандаренкі, а таксама праваабаронцы Ганна Шапуцька, Алег Волчак, Марына Адамовіч, Ігар Леднік, палітыкі Мікола Статкевіч, Дзмітрый Дашкевіч, Павел Севярынец і іншыя вядомыя ў краіне грамадскія актывісты.

БелаПАН