Вярхоўны суд пакінуў у сіле 8-гадовы прысуд за напад на настаўніцу Данату Скакуну
19 верасня калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суда разгледзела апеляцыю па справе былога вучня сталічнай гімназіі № 74 Даната Скакуна, пакінуўшы без зменаў ранейшы прысуд — 8 гадоў у выхаваўчай калоніі.
Скакун абвінавачваўся ў замаху на забойства настаўніцы з асаблівай жорсткасцю (частка 1 артыкула 14 і пунктамі 6, 10 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса). Прысуд пакінулі без зменаў.
7 красавіка Мінскі гарадскі суд асудзіў Даната да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі. Мінскі гарадскі суд разглядаў справу Скакуна ў закрытым рэжыме — на момант здзяйснення злачынства яму не было 16 гадоў. Разгляд апеляцыі ў Вярхоўным Судзе таксама праходзіў у закрытым рэжыме, самога абвінавачанага ў судзе не было.
Прысутнічалі адвакаты абодвух бакоў і законны прадстаўнік абвінавачанага — бацька, а таксама пракурор.
Старшыняваў у судзе Сяргей Гураў.
У «Фэйсбуку» створаная старонка #Донат_невиновен #Данат_невiнаваты. Бацькі і вучні 74-й гімназіі, простыя грамадзяне заступіліся за Даната Скакуна. Пацярпелая настаўніца Валянціна Губарэвіч у гэтым годзе пайшла на пенсію.
Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч 31 ліпеня на прэс-канферэнцыі выказаў такое меркаванне:
«Што тычыцца дыскусіі, якая разгарнулася вакол гэтай справы, то яе нельга ацаніць інакш, як спробу аказаць сістэмны і інтэнсіўны ціск на суд другой інстанцыі. Тое, што публікуецца, і з якой танальнасць, сведчыць пра пэўныя тэндэнцыі ў публікацыях. Часам прыёмы і падыходы ў асвятленні пэўных судовых спраў у інтэрнэце (якія робяцца не толькі прафесійнымі журналістамі, так як сёння практычна кожны можа пісаць, што прыйдзе ў галаву) не дапамагаюць, а перашкаджаюць ажыццяўляць правасуддзе, таму што выклікаюць нездаровую цікавасць. Але пры гэтым, што б у інтэрнэце ні пісалі, калі справа трапіць у Вярхоўны Суд, яна будзе разгледжана аб'ектыўна і справядліва, не звяртаючы ўвагі на тую пену, якая ўзібіваецца вакол», — падсумаваў намеснік старшыні Вярхоўнага Суда.
Паводле "Радыё Свабода"