Вінцук Вячорка: Новае пакаленне не хоча быць часткай "русского мира"

Вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка распавядае "Радыё Рацыя", чаму ў Беларусі колькасць тых, хто супраць аб’яднання з Расіяй, дасягнула гістарычнага максімума.



viachorka_779x400.jpg

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў распаўсюдзіў вынікі апытання, праведзенага ў снежні 2014 г.

Адзначаецца, што колькасць тых, хто супраць аб’яднання з Расеяй, дасягнула гістарычнага максімума на працягу многіх гадоў маніторынга, што праводзілі сацыёлагі. З чым гэта звязана?

Вінцук Вячорка: Па-першае, да такіх сацыялагічных звестак можна ставіцца па-рознаму, але я думаю, што на беларусаў насамрэч вельмі паўплывала ўкраінская трагедыя, напад пуцінскай Расеі на Украіну і спроба разбурыць украінскую дзяржаўнасць пасля таго, як украінцы пачалі яўна рабіць еўрапейскі выбар і ўцякаць з расейскай геапалітычнай прасторы – інфармацыйнай, эканамічнай і ментальнай. Гэта вельмі паказальнае сведчанне таго, што ад усходняга суседа можна чакаць подласці. І, мяркую, што, нягледзячы на паслядоўную русіфікацыю, масштабы якой можна параўнаць з царскаімперскай, савецкай (а па некаторых параметрах – і горш за савецкую), якую праводзіла беларуская ўлада, працэс нацыянальнай свядомасці ў беларусаў прабіўся праз асфальт. З’явілася новае пакаленне, якое хоча сваёй ідэнтычнасці ў гэтым свеце і ў Еўропе. Якое не хоча быць звычайнай часткай „русского мира”, а імкнецца належыць да еўрапейска-беларускай нацыі. Усё гэта разам і змяняе атмасферу і сілавое поле настроеў у Беларусі.

РР: А як жа ўплыў расейскай прапаганды, якая затлумляе свядомасць беларусаў?

Вінцук Вячорка: Я думаю, што сёння ў Беларусі ёсць значная частка тых, хто банальна не глядзіць тэлебачанне, якое пераважна расейскае. Улады Беларусі не пойдуць на адключэнне агрэсіўных прапагандысцкіх каналаў і спыненне трансляцый расейскіх серыялаў. Людзі, якія свабодныя ад тэлевізійных ін’екцый, карыстаюцца сваімі крыніцамі. І адпаведна фармуюць сваё поле каштоўнасцей. Гэта надзвычайна важна – лекаваць нацыю ад расейскага тэлебачання. Не займацца дэмагогіяй “хай будзе выбар”, а разглядаць расейскую інфармацыйную прастору, як прыладу інфармацыйнай вайны.

РР: Можа быць, на тых беларусаў, якія ўжо не хочуць інтэграцыі з Масквой, паўплываў і эканамічны фактар, бо ўсе бачаць, як Расея падчас крызісу цягне за сабой і Беларусь?

Вінцук Вячорка: На мой погляд, на тых, хто ўмее крыху думаць, зрабіла вялікае ўражанне сітуацыя на пераломе гадоў, калі запахла спаленнем зберажэнняў, і людзі ізноў завіслі над фінансавай прорвай. Усе ўспомнілі 2011 год, успомнілі запэўніванні ўлады, што нічога не здарыцца. І ўсім стала ясна: прывязаўшы беларускую эканоміку і нацыянальную грашовую адзінку да дохлага каня, наіўна спадзявацца, што, калі той конь патоне, то за ім не патоне і той, хто гвалтам да каня прывязаны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя