Віктар Бабарыка ў СІЗА КДБ удасканальвае веданне беларускай мовы
Жыхарка Мінска Анастасія атрымала чарговую вестачку ад палітвязня, які ўжо болей за чатыры месяцы знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Некалькі фрагментаў з ліста ад 19 кастрычніка прыводзіць прэс-служба палітыка.
«Мне вельмі прыемна чытаць, што гэты год для нашай краіны стаў незвычайным, — піша Бабарыка. — І мы пачалі змены і рух у правільным кірунку. І хоць у нас шмат балот, і прабівацца праз іх складана і, здаецца, атрымліваецца не вельмі хутка, але я веру, што большая частка людзей зразумела, што трэба выбірацца з гэтага бруду. А значыць усё правільна і зроблена не дарма.
Так ужо атрымалася, што мне таксама ўдалося ўбачыць восеньскі Менск і прыроду. Гэта на самай справе вельмі прыгожа! Тым больш я ўжо пісаў пра восень, як маю любімую пару года. І я таксама не люблю спякоту, але ацаніць лета бягучага года (хоць і не па надвор'і) магу толькі станоўча.
Некалькі слоў аб маім здароўі. Усе больш-менш стабільна і гэта нават можна было пабачыць па БТ. Так што ўсе пытанні па гэтай нагоды, спадзяюся, адпалі.
Мае заняткі тут вельмі стандартныя: чытанне, Пісанне, павышэнне кампетэнцый у беларускай і англійскай мовах. Дарэчы, я тут таксама арганізаваў курсы ангельскай для пачаткоўцаў. Шахматы і шашкі ёсць, але няма партнёраў, таму проста разыгрываю партыі з кніжак. Хоць пару дзён партнёр па шахматах і шашках быў. Так што ўспомніў і рэальную гульню.
Усім хлопцам прывітанне і маё захапленне імі! Разам-пераможам!»